Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сыну абяцалі, што 1 траўня будзе дома». Як у Беларусі праходзіць раптоўная праверка баявой гатоўнасьці


Архіўнае фота
Архіўнае фота

У Беларусі праходзіць «раптоўная праверка баявой гатоўнасьці». Людзей забіраюць на вайсковыя зборы, туды ж накіравалі некаторую тэхніку зь сельскай гаспадаркі. Што адбываецца — Свабода пагутарыла зь беларусамі і экспэртам.

«Стан здароўя ня надта цікавіў, не паміраеш — ідзі на зборы»

Праверка баявой гатоўнасьці пачалася ў Беларусі 3 красавіка. Беларуска Марына (імёны герояў зьмененыя. — РС) расказала, што яе сын дэмабілізаваўся з войска ў лістападзе 2022 году, адбыў тэрміновую службу. 4 красавіка яго выклікалі ў ваенкамат. Паводле словаў Марыны, зь якой нагоды — не патлумачылі. Сказалі, што «зьверка дадзеных».

«Назаўтра, 5 красавіка, яго ўжо забралі, павезьлі ў Слонім. Ён толькі ўладкаваўся на працу. Але гэта нікога не цікавіла. Як асабліва і не было мэдычнай праверкі. Не паміраеш, няма вострых хвароб — едзь на палігон», — кажа Марына.

Яна дадала, што выкліканым на зборы, у тым ліку і яе сыну, заявілі, што яны паедуць на танках на палігон пад Баранавічы і там будуць адпрацоўваць розныя навыкі.

«Камандзіры абяцалі, што зборы скончацца 26 красавіка. Пакуль вернуць тэхніку назад у Слонім, то 1 траўня будуць ужо дома», — расказвае Марына.

Па словах жанчыны, у аўтобусе на Слонім разам з сынам ехалі «чалавек сорак», яны былі розных вайсковых спэцыяльнасьцяў.

Ірына жыве ў адным з абласных цэнтраў. Яна паведаміла Свабодзе, што яе сына ўжо каторы раз не ўзялі на вайсковыя зборы.

«Ён працуе на заводзе, там пэрыядычна супрацоўнікаў забіраюць на вайсковыя зборы. Забралі і гэтым разам, некалькі дзясяткаў. Нават аднаго, які месяц таму толькі вярнуўся з вайсковых збораў. Сына не ўзялі, бо ён „ненадзейны“ — меў затрыманьні ў 2020 годзе», — падзялілася Ірына.

Тым часам па вёсках праходзяць зборы ў «народнае апалчэньне», расказвае іншы сьведка.

«Старшыня сельсавету зьбірала мужчын. Людзі адмаўляліся. Можа, баяліся, што забяруць на вайну. Але старшыня патлумачыла, што апалчэнцы ў любым выпадку ня будуць браць удзел ані ў якіх баявых дзеяньнях, яны застануцца на месцы, у вёсцы. Верагодна, каб чыноўнікаў бараніць.Тады людзі пагадзіліся. Запісаліся і сядзяць спакойна дома», — расказаў Свабодзе Дзьмітрый.

«Мэты дзьве: напружваць украінцаў, якія рыхтуюць наступ, і сваіх трымаць у тонусе»

Свабода пагутарыла з былым вайскоўцам, удзельнікам баявых дзеяньняў Раманам (імя зьмененае. — РС) пра мэты раптоўнай праверкі баявой гатоўнасьці, народнае апалчэньне, перасоўваньне тэхнікі па тэрыторыі краіны.

Раман лічыць, што ўсе гэтыя мілітарыстычныя мерапрыемствы маюць дзьве мэты: напружваць украінцаў, якія заяўляюць пра падрыхтоўку наступу, і «трымаць сваіх тут у тонусе».

«Украінскія вайскоўцы гавораць пра плянаваны наступ на ўсходзе. Усе гэтыя рухі людзей і тэхнікі ў Беларусі — намёк украінцам, каб не напружваліся на адным кірунку, расьсейвалі сілы і ўвагу і на поўнач. Што тут ніхто ня сьпіць у шапку, тут поўным ходам ідзе як навучаньне расейскіх ваяк, так і сваіх. Маўляў, ня дай бог вы там пашавеліцеся ў наш бок», — кажа Раман.

Суразмоўца лічыць, што «раптоўная праверка баявой гатоўнасьці», зборы, народнае апалчэньне — адзін з вынікаў візытаў Лукашэнкі да Пуціна, а Шайгу да Лукашэнкі.

«Лукашэнка казаў, што расіяне павінны даць нам гарантыі бясьпекі і будуць „абараняць як сваіх“. Тут трэба паміж радкоў чытаць, што расейцы з тэрыторыі „сваіх“ могуць ударыць па поўнай праграме. Калі яшчэ Ўкраіна дапусьціць нешта падобнае, як інцыдэнт у Мачулішчах, то могуць і ўдарыць адсюль. Расейскімі сіламі — але з нашай тэрыторыі», — разважае былы вайсковец.

Ён таксама лічыць, што беларускія вайскоўцы ня пойдуць ва Ўкраіну, будуць пакуль трэніравацца і «імітаваць дзейнасьць».

«Натуральна, ва ўкраінцаў ёсьць і разьведка, і спадарожнікі. Але калі пад бокам вось так увесь час гарцуюць, трэніруюцца, цягаюць тэхніку туды-сюды, абяцаюць да лета прывезьці, магчыма, ядзерную зброю, то, канечне, такую краіну, Беларусь, будуць браць у разьлік. Гэтыя вучэньні, зборы — яшчэ і «прафіляктычная акцыя» для Польшчы і Літвы. Маўляў, вы зброю аддалі Ўкраіне, а мы тут маем і «Іскандэры», і хутка ядзерную зброю займеем, і саюзьнік нас будзе бараніць «як сваіх», — кажа Раман.

Яшчэ адна мэта вучэньняў і збораў, паводле суразмоўцы, — унутраная сытуацыя ў краіне. «На 2024 абяцаюць выбары. Трэба неяк ім правесьці, і каб „не расхістаць сытуацыю“, каб было ціха-мірна. Таму вырашана ўсіх трымаць увесь час, нон-стоп, у тонусе», — дадаў былы вайсковец.

Афіцыйна

Міністэрства абароны абяцае, што ўсе ўдзельнікі «раптоўнай праверкі» 9 траўня будуць дома, «у сямейным коле».

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч заявіў 12 красавіка, што «абарона краіны ў Беларусі носіць усенародны характар». Гаворачы пра народнае апалчэньне, Вальфовіч паведаміў, што яно фармуецца зь ліку добраахвотнікаў, якія будуць дапамагаць міліцыі выконваць задачы па забесьпячэньні бясьпекі.

«Апроч таго, яны будуць выконваць задачы ваеннага становішча, барацьбы з дывэрсійна-выведніцкімі групамі», — дадаў дзяржаўны сакратар.

Раней Міністэрства абароны паведамляла, што ў межах раптоўнай праверкі на базе адной з мэханізаваных брыгад «быў разгорнуты пункт прыёму тэхнікі з народнай гаспадаркі». На фота былі грузавікі. Іх рыхтавалі да «шматкілямэтровага» маршу.

Таксама Мінабароны на сталай аснове публікуе справаздачы з праверкі баявой гатоўнасьці, удзельнікі якой да збораў паставіліся «з разуменьнем» і «з задавальненьнем надзелі вайсковую форму».

У 120 асобнай мэханізаванай брыгадзе 12 красавіка прайшло «ўшанаваньне» беларусаў, якія завяршылі вайсковыя зборы. Камандзіры падзякавалі ім за службу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG