Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэмпэратура і крывацёк». Затрыманай дзяўчыне, якой адмовілі ў шпіталізацыі, становіцца горш у СІЗА


Аліна Горава, архіўнае фота
Аліна Горава, архіўнае фота

Аліну Гораву затрымалі ў горадзе Круглае Магілёўскай вобласьці, куды яна вярнулася пасьля выпускнога вечара ў каледжы 27 сакавіка. Праз тры дні ёй выклікалі «хуткую» ў РАУС, але не шпіталізавалі. 31 сакавіка дзяўчыну перавялі ў СІЗА, дзе ў яе пачаўся крывацёк, абвастрыліся хранічныя захворваньні.

Сайт «Медыязона» даведалася падрабязнасьці, што адбываецца з Алінай Горававай пасьля затрыманьня.

З выпускнога балю ў РАУС

20-гадовую Аліну Гораву затрымалі 27 сакавіка — у дзень, калі яна атрымала дыплём геадэзіста на выпускным у барысаўскім філіяле БНТУ. Напярэдадні яна здала дзяржаўныя экзамэны. Гораву выклікалі ў Круглянскі РАУС 17 сакавіка «для дачы тлумачэньняў».

Знаёмыя Аліны расказалі, што супрацоўнікі міліцыі задавалі ёй пытаньні аб падзеях жніўня 2020 года і паказвалі відэа і фота з маршаў у Менску. Тады пасля «гутаркі» студэнтка вярнулася ў Барысаў і рыхтавалася да выпускных іспытаў, якія пачыналіся 20 сакавіка.

«Перад другім дзяржэкзамэнам ёй пачаў тэлефанаваць сьледчы: «Вам трэба зьявіцца для дачы паказаньняў». Яна адказала, што ўжо была. Сьледчы: «Тое былі тлумачэньні, а гэта — паказаньні», — расказваюць знаёмыя Горавай.

Ёй далі час здаць іспыты — Горава сказала, што ня зможа прыехаць раней. Сьледчы пагадзіўся пачакаць да выпускнога. У дзень выпускнога сьледчы назвоньваў дзяўчыне цэлы дзень, таму ёй давялося пасьля атрыманьня дыплёма адразу ехаць у Круглае. Сьледчы ўдакладніў час прыбыцьця электрычкі з Барысава, на якой Горава павінна была прыехаць, і сустрэў яе на вакзале. Праз 10 хвілін студэнтка змагла патэлефанаваць блізкім і паведаміць, што затрыманая.

Як паведамляюць праваабаронцы, у гэты дзень у Круглым прайшло некалькі затрыманьняў. Затрымалі былога галоўнага санітарнага доктара Аляксея Цыганава, Улада Лагуценку і Аліну Гораву.

«Піелянэфрыт? Ну і што?»

Гораву адправілі ў Круглянскі ІЧУ на 72 гадзіны. Увечары 30 сакавіка перад пераводам у Магілёўскае СІЗА ёй выклікалі хуткую, паведаміў магілёўскі праваабарончы рэсурс MAYDAY TEAM.

Знаёмыя Аліны пазьней даведаліся, што ў яе была высокая тэмпэратура ў ізалятары, адбылося абвастрэньне хранічнага піелянэфрыту. У дзяўчыны таксама ёсьць хранічныя гінэкалягічныя захворваньні, мочакаменная хвароба, міжпазваночныя грыжы. Ад холаду ў камэры ўсе захворваньні абвастрыліся. Мэдыкі хуткай дапамогі прапаноўвалі шпіталізаваць Гораву, але яна нібыта адмовілася, растлумачыўшы гэта тым, што яе пераводзяць у СІЗА, а там ёсьць фэльчар.

«Тры дні ні адвакат, ні сваякі не ведалі, дзе яна знаходзіцца. Перавод у Магілёў выпаў на выходныя. І толькі ў панядзелак высьветлілася, што яна ў магілёўскай „чацвёрцы“».

Аліна доўгі час лячыла хранічныя захворваньні, але пасьля трох дзён у ІЧУ лячэньне давядзецца пачаць з нуля, расказалі знаёмыя семʼі.
Фэльчару турмы перадалі дакумэнты з мэдкарты Горавай з дыягназамі і вынікамі апошніх абсьледаваньняў. Аднак, па словах знаёмых сямʼі, фэльчар адказаў: «Піелянэфрыт? Ну і што? Зь ім людзі жывуць. Антыбіётыкі не дазволены». У СІЗА дзяўчыне зрабілі аналізы, якія паказалі запаленчы працэс. Аднак лячэньне так і не прызначылі.

Па словах знаёмых Аліны, блізкія плянуюць перадаць у СІЗА мэдыцынскія дакумэнты, якія даказваюць, што ёй патрэбна лячэньне і шпіталізацыя. На днях стала вядома, што ёй «робіцца горш», пачаліся крывацёкі, запаленьне прагрэсуе.

На 10-ы дзень зьняволеньня сьледчыя выставілі абвінавачаньне: грубае парушэньне грамадзкага парадку. Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — 4 гады калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG