Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе праз суд выселілі суполку беларускай дыяспары і патрабуюць аплаціць арэнду за два гады


Пасол Беларусі Ігар Сокал (у цэнтры фота) на сустрэчы з актывістамі беларускай дыяспары ў Адэсе. Кіраўніца арганізацыі Людміла Жаданава другая зьлева. 9 верасьня 2020
Пасол Беларусі Ігар Сокал (у цэнтры фота) на сустрэчы з актывістамі беларускай дыяспары ў Адэсе. Кіраўніца арганізацыі Людміла Жаданава другая зьлева. 9 верасьня 2020

У самой арганізацыі пра гэта ня ведаюць.

Адзін з раённых судоў Адэсы ўхваліў рашэньне аб высяленьні Нацыянальна-культурнага аб’яднаньня грамадзян «Беларусь» і абавязаў арганізацыю выплаціць 64 173 грыўняў за арэнду з 1 студзеня 2021-га да 21 студзеня 2023 году (прыблізна 1760 даляраў у эквіваленце), а таксама 4 837 грыўняў судовага збору (каля 130 даляраў).

Такім чынам суд задаволіў адпаведны пазоў Дэпартамэнту камунальнай уласнасьці Адэскай гарадзкой рады, але пералічыў кошт арэнды і яго зьменшыў.

У той жа час у судовым рашэньні адзначаецца, што ўлады Адэсы амаль тры гады таму паведамілі арганізацыі аб спыненьні дагавору арэнды з 31 сьнежня 2020 году. Згодна з заканадаўствам, беларуская дыяспара мусіла цягам 15 дзён вярнуць памяшканьне ўладам у стане, ня горшым, чым на момант перадачы ў арэнду, і кампэнсаваць страты ў выпадку, калі стан памяшканьня пагоршыўся. Пасьля гэтага мусілі скласьці адпаведны акт аб перадачы.

Нацыянальна-культурнае аб’яднаньне грамадзян «Беларусь» гэтага не зрабіла, і адэскія ўлады не атрымалі доступу да гэтых памяшканьняў, пра што 16 лютага 2023 году склалі акт. Вядзецца аб памяшканьнях плошчай 63,3 квадратнага мэтра, якія знаходзяцца ў падвале гістарычнага будынку па вуліцы Садовай і, адпаведна, лічацца нежылымі.

Паводле ўкраінскага заканадаўства, беларускае аб’яднаньне можа абскардзіць гэтае рашэньне цягам 20 дзён пасьля яго абвяшчэньня. Але калі гэтага не адбудзецца, рашэньне набудзе юрыдычную моц.

У беларускай дыяспары аб рашэньні суду пакуль ня ведаюць

Грамадзкую беларускую арганізацыю, якая зарэгістравана ў 2000 годзе, ачольвае Людміла Жаданава. Яна пэўны час кіравала Малінаўскай раённай адміністрацыяй у Адэсе, а ў 2015–2016 гадах узначальвала Прыморскую раённую адміністрацыю Адэсы. Была сябрам руху Віктара Юшчанкі «Народны саюз „Наша Ўкраіна“».

«Я пакуль што не ва Ўкраіне, таму яшчэ ня ведаю... Калі вярнуся, тады я ўжо буду займацца гэтым пытаньнем», — сказала Свабодзе Людміла Жаданава.

Кіраўніца арганізацыі паведаміла, што ёй аб гэтым судовым рашэньні не паведамілі. На пытаньне, ці ведала яна аб заканчэньні тэрміну дамовы арэнды, яна адказала: «Прыеду, буду разьбірацца».

У арганізацыі налічвалася да 200 сяброў, сярод іх супрацоўнік Адэскага сэлекцыйнага інстытуту Адольф Стэльмах, які нарадзіўся ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці, а таксама работнік Адэскай нацыянальнай акадэміі сувязі Алег Пунчанка, які нарадзіўся ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці.

У верасьні 2020 году, калі каля амбасады Беларусі ў Кіеве працягваліся акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал наведваў Адэсу, сустракаўся з актывістамі Нацыянальна-культурнага аб’яднаньня грамадзян «Беларусь», у тым ліку і Людмілай Жаданавай.

Праз два тыдні пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, супрацоўнікі беларускага пасольства на чале з Ігарам Сокалам пакінулі ўкраінскую тэрыторыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG