Валер расказвае, што падчас акупацыі трапляў у расейскі палон, дзе перанёс зьдзекі. Пасьля таго, як частку Херсону пачало затапляць, беларус працягнуў валянтэрства.
Валантэр расказвае, што працы ў Херсоне цяпер вельмі шмат. Ня ўсе людзі згодныя на эвакуацыю.
«Яны застаюцца ў сваіх дамах, і мы прывозім ім пітную ваду, прадукты, паўэрбанкі. Працуем з 5 раніцы і да ночы. Ратуем і вывозім усіх — і людзей, і катоў, і сабак», — кажа Валер.
Паводле яго, сытуацыя ўскладняецца пастаяннымі абстрэламі.
«Але працуем пад прылётамі. Тут ня толькі валянтэры з Херсону, прыехалі і зь іншых гарадоў. Мы каардынуем сваю працу з ратавальнікамі», — дадае суразмоўца.
Валер кажа, што частка людзей да гэтага часу не разумее, што адбываецца. Некаторыя думаюць, што ўсё хутка скончыцца, і таму людзі ня хочуць эвакуавацца.
«Яны кажуць нам: «Мы дома перасядзім». Назаўтра вада яшчэ паднялася, мы плывём на чаўнах, а яны галосяць: „Ратуйце нас“», — расказвае беларус.
У горадзе, паводле валянтэра, «кладзецца» інтэрнэт, пераважна можна зьвязацца толькі па мабільнай сувязі.
Валер турбуецца, што неўзбаве ў Херсоне могуць пачацца праблемы зь пітной вадой.
«Пасьля падрыву ГЭС узровень вады ўпаў ніжэй таго пункту, адкуль яе пампавалі. Таму сытуацыя такая, што патрэбна пітная вада. І харч, і адзеньне патрэбны. Але з прадуктамі такой бяды, мы дамо рады, а пітная вада вельмі патрэбная», — дадаў Валер.