«Можаце мяне павіншаваць, я пасьпяхова эвакуаваўся ў бясьпечнае месца, за што вялізная падзяка Беларускай радзе культуры», — напісаў Міронаў у сваім фэйсбуку. Ён паведаміў, што едзе ў Вільню.
У кастрычніку 2022 году актывіста асудзілі на 1,5 года пазбаўленьня волі паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Міронава вызвалілі ў залі суду, бо тэрмін пакараньня скончыўся ў СІЗА, дзе ён знаходзіўся больш за год.
Пасьля гэтага Міронава пяць разоў арыштоўвалі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў): у лістападзе — на 5 дзён, у сьнежні — на 12, у сакавіку 2023-га — на 13 і 15, у траўні — на 10.
У сакавіку яго маці Валянціну Міронаву аштрафавалі на 11 базавых велічыняў (407 рублёў) паводле таго ж артыкулу КаАП.
На пачатку году і ўвесну актывіст беспасьпяхова патрабаваў ад Міністэрства інфармацыі прыцягнуць да адказнасьці праўладны тэлеграм-канал «Жёлтые сливы», таксама зьвяртаўся да Мінінфарму з просьбай разабрацца ў дзейнасьці іншых праўладных рэсурсаў і словах супрацоўніка газэты адміністрацыі Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка за абразу ў свой адрас.
Міронаў — адзін з ініцыятараў напісаньня лістоў палітвязьням. Сам ён напісаў больш за 3 тысячы лістоў.