Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя палітвязьні расказалі, што бачылі, як у калёніях зьнішчаюць лісты з волі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Блякаваньне ліставаньня палітвязьняў у калёніях і СІЗА стала адным з мэтадаў ціску на іх і тых, хто хоча іх падтрымаць.

Калі да пачатку вайны ва Ўкраіне гэтую практыку выкарыстоўвалі толькі ў некаторых месцах зьняволеньня, то цяпер яна пашыраецца на ўсе ўстановы, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Пасьля прысуду палітвязьні могуць атрымліваць лісты толькі ад блізкіх сваякоў: часта гэта выключна тыя, хто пазначаны ў асабістай справе, зназначае «Вясна». У СІЗА правілы ліставаньня немагчыма патлумачыць ніякай лёгікай: выбарачна блякуюцца лісты і ад сваякоў, і ад незнаёмых людзей; камусьці даходзяць амаль усе лісты, камусьці — амаль нічога.

У СІЗА блякаваньне ліставаньня можа адбывацца выбарачна па асобах ці камэрах, залежыць ад настрою цэнзара ці распараджэньня сьледчых — ня раз палітвязьні расказвалі, што ім даходзілі далёка ня ўсе дасланыя лісты.

Людзей часта пазбаўляюць права на ліставаньне, каб стварыць інфармацыйны вакуўм для пэўных мэтаў. Асабліва гэта характэрна для першых дзён пасьля затрыманьня: чалавек разгублены, маральна прыгнечаны, і адсутнасьць любой інфармацыі звонку яшчэ больш пагаршае такі псыхалягічны стан.

Палітвязень Яўген Чарвінскі расказаў, што падчас яго зьняволеньня ў 2021 годзе палітвязьням прыходзілі лісты толькі ад блізкіх сваякоў, і то не заўжды.

«Калі ад бацькоў даходзяць, то ад дзядзькі і цёткі — ужо не», — расказаў Чарвінскі.

Куды дзяваюць астатнія мяхі лістоў — невядома. Як расказаў праваабаронцам палітвязень з ПК-1, яны «губляюцца» недзе ў сьценах калёніі. А адзін з палітзьняволеных пасьля вызваленьня расказаў:

«Усе цудоўна разумеюць, што дагэтуль гэтыя лісты ідуць, проста нам іх не аддаюць. У чэрвені мы бачылі, як лісты пакетамі насілі ў кацельню спальваць. Мы бачылі зь іншымі палітзняволенымі, як два вялікія пакеты опэр панёс туды. Ён туды, на кацельню, пайшоў з гэтымі пакетамі, а назад вярнуўся без пакетаў. Зразумела, што іх спальвалі. Пакеты былі празрыстыя, таму былі відаць канвэрты».

Адзін з былых палітвязьняў расказваў, што ні яму, ні ад яго не перадавалі лісты ўвесь першы месяц зьняволеньня. А за чатыры месяцы ён адправіў 120 лістоў, зь якіх дайшлі дзесьці 30.

Па ўспамінах былой палітзьняволенай Ганны Вішняк, у жодзінскім СІЗА ліставаньне часова спынялі пасьля пачатку вайны. Часам лісты проста выкідалі на вачах у палітвязьняў.

Напрыклад, за 8 месяцаў пад сьледзтвам затрыманай у «справе Зельцэра» Натальлі Падлеўскай прыйшло толькі 16 лістоў. Спачатку жанчына думала, што або пра яе забыліся, або ейных дочак таксама затрымалі разам зь ёй.

Найбольш за апошні час пагоршылася сытуацыя зь лістамі ў калёніях. Часьцей за ўсё пасьля прысуду палітвязьні атрымліваюць лісты выключна ад сваякоў, пазначаных у асабістай справе. Паводле былога вязьня шклоўскай калёніі № 17, палітвязьні могуць атрымліваць лісты толькі ад блізкіх сваякоў, якіх яны ўказваюць у спэцыяльнай форме яшчэ на карантыне. Лісты ад іншых людзей там не выдаюць і ніяк пра гэта не апавяшчаюць. Выключэньне — заказныя лісты.

Вядома пра выпадкі ціску на палітвязьняў за зьмест лістоў. Так, напрыклад, Віталь Жук расказваў, што ў бабруйскай калёніі № 2 у ШЫЗА вязьняў адпраўлялі за інфармацыю пра посьпехі ўкраінскага войска на вайне:

«Асабліва так было з інфармацыяй пра вайну. Калі ў лісьце напісалі, а ты потым ходзіш па атрадзе і кажаш, якія ўкраінцы малайцы і выйграюць на вайне або змаглі даць годны адпор расейцам, то за такія навіны цябе адразу прыбяруць з жылой зоны».

Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што ў ніякія ІЧУ (у тым ліку на на завулку Акрэсьціна ў Менску) лісты не даходзяць зусім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG