Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ва Ўкраіне запусьцілі праект «Трыбунал», яго мэта — збор доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Мірныя пратэсты ў Менску супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, лістапад 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Мірныя пратэсты ў Менску супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, лістапад 2020 году

Інфармацыю пра злачынствы, учыненыя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, зараз будуць зьбіраць і ва Ўкраіне.

Зарэгістраваны ва Ўкраіне дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» распачаў дасьледчы праект «Трыбунал». Яго мэта — збор, фіксацыя і бясьпечнае захоўваньне інфармацыі аб прадстаўніках рэжыму Лукашэнкі, іх памагатых і ўчыненых імі злачынствах.

Зьвесткі, сабраныя «Трыбуналам», паводле прадстаўнікоў фонду, будуць выкарыстоўваць для інфармаваньня беларусаў і сусьветнай грамадзкасьці, а ў далейшым яны «могуць спатрэбіцца падчас расьсьледаваньняў, судовых разбораў, пры правядзеньні люстрацыі».

Юрыст фонду «Вільна Білорусь» Аляксандар Ракіцкі расказаў, што «Трыбунал» будзе зьбіраць інфармацыю, як пра злачынствы, якія трапляюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда, такіх як «генацыд, злачынствы супраць чалавечнасьці, ваенныя злачынствы, злачынствы агрэсіі», так і пра злачынствы, якія падпадаюць пад Крымінальны кодэкс Беларусі, паведамляе DW.

Фармаваньне базы зьвестак, паводле яго, будзе адбывацца з адкрытых крыніц, СМІ, сацсетак, а таксама сьведчаньняў відавочцаў злачынстваў. Для гэтага на сайце праекту запусьцілі чат-бот.

«Вынікам працы сыстэмы будзе сьпіс асобаў, прадстаўнікоў рэжыму і іх памагатых, на кожнага будзе складзена дасье», — адзначыў Ракіцкі.

Паводле стваральнікаў «Трыбунала», яны ўжо валодаюць «дзясяткамі гігабайт інфармацыі» пра злачынствы розных маштабаў, пачынаючы ад наданьня тэрыторыі Беларусі для ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну, што можна кваліфікаваць як «злачынства агрэсіі», заканчваючы «злачынствамі вандалізму, якія чыняць прадстаўнікі ўлады», калі, напрыклад, зьнішчаюць польскія пахаваньні. Цяпер усе дадзеныя праходзяць вэрыфікацыю.

Аляксандар Ракіцкі ўпэўнены, што чым больш інфармацыйных рэсурсаў і людзей будзе займацца зборам такіх зьвестак, тым лепш, бо «злачынстваў вялізная колькасьць» і важна, каб ніводнае не засталося беспакараным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG