Міжнародная плятформа (у яе ўваходзіць шэраг недзяржаўных арганізацый) зьбірае, захоўвае і аналізуе інфармацыю пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. За пэрыяд з красавіка 2021 году плятформа сабрала больш за 772 768 тэкстаў, відэа і фота, якія адлюстроўваюць сытуацыю ў краіне, а таксама перапрацавала і захавала ў лічбавыя архівы каля 20 тысяч дакумэнтаў, зьвязаных з 2270 ахвярамі рэпрэсій. Плятформа дапамагае Ўправе Вярхоўнага камісара ААН з доступам да інфармацыі пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
Экспэрты плятформы атрымалі запыты ад органаў крымінальнага перасьледу чатырох эўрапейскіх краін, дзе іх папрасілі перадаць інфармацыю, сьведчаньні і аналітыку па сытуацыі ў Беларусі; адзін з такіх запытаў ужо задаволены.
Кейт Вігнэсваран, кіраўніца плятформы, пракамэнтавала «Нашай Ніве», ці дастаткова сабраных доказаў, каб прыцягнуць беларускі рэжым да адказнасьці:
«Калі вы гаворыце пра крымінальны перасьлед, думаю, усё залежыць ад канкрэтных выпадкаў, якімі маглі б заняцца праваахоўныя органы, і вельмі важна, які ў гэтых выпадкаў маштаб і да якіх злачынцаў будзе доступ у органаў перасьледу. У выпадку з індывідуальнай крымінальнай адказнасьцю пытаньне ў тым, хто праводзіць крымінальнае расьсьледаваньне, хто [са злачынцаў] прысутнічае на тэрыторыі, дзе яно праводзіцца, і ў магчымасьці іх прыцягнуць да адказнасьці.
Калі гаворка пра адказнасьць дзяржавы, то гэта іншае пытаньне. У гэтым выпадку справа будзе за нейкай дзяржавай, якая мусіла б спрыяць завядзеньню справы ў Міжнародным крымінальным судзе. Думаю, што на цяперашнім этапе дакладна магчыма заводзіць справу, калі грунтавацца на расьсьледаваньнях, што маюць месца цяпер. Але, канечне, усё будзе залежаць ад ходу расьсьледаваньняў і доступу да злачынцаў».
Вігнэсваран тлумачыць, што расьсьледаваньне можа быць пачата як у Міжнародным крымінальным судзе, так і ў пэўнай краіне, дзе для гэтага будуць умовы.
Юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суду больш абмежаваная, бо Беларусь не падпісала Рымскі статут аб яго заснаваньні. Таму цяпер юрысдыкцыя МКС можа датычыць Беларусі толькі ў выпадку злачынстваў, якія закранаюць тэрыторыю іншай краіны – падпісанта Рымскага статута, напрыклад, Польшчы ці Літвы.