Акупацыйныя ўлады Данецкай вобласьці паведамілі пра сустрэчу ў Менску зь міністрам сельскай гаспадаркі Беларусі Ігарам Брыло, у часе якой абмеркавалі супрацу ў галіне племянной справы, насеньняводзтва, а таксама сельскагаспадарчай адукацыі.
Гэта першая сустрэча прадстаўнікоў «ураду» так званай «ДНР» пасьля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком акупацыйнай улады Дзянісам Пушыліным, якая адбылася 18 красавіка ў Менску. Падчас той сустрэчы Лукашэнка прапанаваў сваю дапамогу данецкім сэпаратыстам. Раней ён устрымліваўся ад кантактаў з прадстаўнікамі прарасейскіх сэпаратыстаў Данбасу.
Кіеў асудзіў сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі зь Дзянісам Пушыліным у Менску, расцаніўшы яе «як спробу легітымізацыі гэтага прадстаўніка расейскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку».
Пасьля гэтай сустрэчы ў Менску МЗС Украіны адклікала амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый, а таксама заклікала рэжым Лукашэнкі спыніць падтрымку вайны Расеі супраць Украіны.
Раней Украіна разарвала дыпляматычныя дачыненьні з Сырыяй і КНДР, якія прызналі «незалежнасьць» так званых «ДНР» і «ЛНР», хоць кіраўнікі гэтых краін не сустракаліся з Пушыліным ці Пасечнікам (кіраўнік «ЛНР»).
30 верасьня 2022 году Ўладзімір Пуцін пасьля фальшывых «рэфэрэндумаў» падпісаў «дакумэнты» аб уваходжаньні ў склад Расеі так званых «Данецкай і Луганскай народных рэспублік», а таксама «Запароскай і Херсонскай абласьцей». Усе гэтыя рэгіёны Ўкраіны не акупаваныя Расеяй цалкам, там ідуць баі.
Беларускія ўлады дэ-юрэ не прызналі незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР», як і іх «далучэньне» да Расеі пасьля фальшывых «рэфэрэндумаў», пры гэтым афіцыйны Менск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.