Алена Б. — псыхоляг, практыкуе інтэгратыўны падыход на базе некалькіх кірункаў. Мае дыплём у сыстэмнай сямейнай тэрапіі, дадатковую спэцыялізацыю ў кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі.
«Я ўпэўнена, што толькі дзякуючы псыхалёгіі перажыла апошнія некалькі гадоў у рэсурсе, захаваўшы сябе і сваю псыхіку жывой і здаровай. Больш за ўсё хачу расьці сама і дапамагаць іншым на шляху пошуку і разьвіцьця, выкарыстоўваючы інструмэнты, якія дае нам псыхалёгія», — так апавядае пра сябе Алена.
Адпачынак патрэбен, каб працягваць жыць, сьцьвярджае спэцыялістка.
«Падчас адпачынку наш мозг праходзіць праз працэсы засваеньня новай інфармацыі і рэгенэрацыі. Яшчэ адпачынак дапамагае збалянсаваць нэрвовую сыстэму, зьнізіць узровень гармонаў стрэсу, зьняць назапашанае напружаньне. Нельга карыстацца тэлефонам, калі зарад на нулі. Гэтак і наша псыхіка: трэба рэгулярна даваць адпачынак розуму і пачуцьцям, каб быць у парадку».
Адпачынак бывае актыўны, пасіўны, сацыяльны, пералічвае экспэртка.
«Мы прывыклі лічыць адпачынкам тое, што ім не зьяўляецца: скролінг сацсетак, сэрыялы перад сном. Вы перагружаеце псыхіку новай інфармацыяй, асабліва, калі цэлы дзень і так працавалі за кампутарам, а не з рыдлёўкай у полі. Ці вось іншы прыклад — падарожжа ў незнаёмае месца. Вы складаеце маршрут, купляеце квіткі, рэзэрвуеце гатэлі, шукаеце добрыя рэстараны і потым яшчэ адказваеце за лягістыку, бясьпеку і камфорт усёй сям’і. Для вас гэта будзе не адпачынак, а стрэс».
Важна знайсьці балянс і выбіраць тыя віды адпачынку, якія лепш за ўсё адпавядаюць менавіта вашым патрэбам, а не арыентавацца на іншых, быццам «так прынята», «мне параілі», тлумачыць Ірына. Найлепшы адпачынак для чалавека той, які яму неабходны проста цяпер. Варта заняцца тым, што будзе процілеглым працы, якой вы былі загружаныя.
«Напрыклад, калі праца зьвязаная з інтэлектуальнай сфэрай, то для адпачынку трэба пераключацца на фізычную, творчую або эмацыйную сфэру. Працавалі за кампутарам — устаньце і прагуляйцеся, хоць бы 30 хвілін, але без тэлефона.
Шмат размаўлялі зь людзьмі — пабудзьце ў адзіноце, памаўчыце. Калі вы цэлы дзень былі занятыя фізычнай працай, то тут можна і навіны пачытаць, і кіно паглядзець. А калі арганізм патрабуе, то і проста паспаць або паваляцца з кнігай. Увесь дзень правялі зь дзецьмі — вам важна пабыць сам-насам з сабой і зрабіць нешта асабіста для сябе».
Што рабіць, калі ваш партнэр любіць віды адпачынку, адрозныя ад вашых?
«Быць у стасунках з кімсьці наагул заўсёды няпроста. Нам даводзіцца адмаўляцца ад сваіх патрэб на карысьць патрэб партнэра або навязваць яму свае. Адзінае выйсьце — навучыцца адкрыта і паважліва гаварыць, калі ваша мэта — быць разам і быць шчасьлівымі ў адносінах. Усё, што мы можам — дзяліцца сваімі пачуцьцямі і патрэбамі і выслухоўваць чужыя, старацца шукаць агульныя зоны інтарэсаў і магчымасьці для кампрамісу».
«Напружаньне становіцца для нас фонавым і звыклым, мы яго старанна не заўважаем і лічым нормай»
Часам чалавек ня ўмее адпачываць, бо заўжды стараецца зрабіць свой адпачынак карысным, кажа спэцыялістка.
«Часта мы лічым адпачынкам што заўгодна, калі фізычна не знаходзімся на працы: майстар-клясу ў жывапісе, экскурсіі па славутасьцях, гонкі на байдарках, вечарынкі з гасьцямі. І часам гэта так, але часьцей зусім не, бо мы працягваем старанна працаваць, бо наша псыхіка занятая адлюстраваньнем таго, што вакол нас адбываецца».
Такім чынам, напружаньне становіцца для нас фонавым і звыклым, мы яго старанна не заўважаем і лічым нормай.
«А адпачынак, не нагружаны „карыснай карысьцю“, у нашай галаве ўспрымаецца як нешта нэгатыўнае. Калі вы адчуваеце пастаяннае жаданьне „Што б яшчэ зрабіць?“ або заахвочваеце іншых да дзейнасьці, гэта ваш спосаб справіцца з трывогай унутры».
«Віна за адпачынак — наступства глыбокіх перакананьняў, атрыманых намі з раньніх гадоў»
Таксама чалавек можа адчуваць віну за тое, што ён адпачывае, кажа суразмоўца.
«Віна за адпачынак — наступства глыбокіх перакананьняў, атрыманых намі з раньніх гадоў. Бацькі і іншыя значныя дарослыя казалі нам: „Не сядзі бяз справы, ты ж не гультай, лепш займіся ўрокамі, дапамажы маме, нічога талковага зь цябе ня вырасьце“. Калі мы становімся дарослымі, мы арыентуемся на голас унутры, які крытыкуе. Перастаём слухаць сыгналы свайго цела і заглушаем эмоцыі, каб не адчуваць сораму і віны. Мы можам лічыць, што вінавацім самі сябе. Але адпраўны пункт ня мы самі. Гэтая ідэя была дадзеная нам кімсьці. Нас гэтаму навучылі».
Ідэя таго, што адпачынак трэба заслужыць, можа моцна пагоршыць якасьць жыцьця, кажа псыхоляг.
«Добры адпачынак — гэта аснова і важны час для аднаўленьня і клопату пра сябе. Моманты адпачынку будуць зьвязаныя з трывогай, пастаянным пачуцьцём віны і сораму. Пражываць віну і сорам аднаму складана, бо гэта цяжкія эмоцыі. Лепш, калі побач будзе добры тэрапэўт. Кірункі працы: пошук дэструктыўных інтраектаў, праца зь перакананьнямі і каштоўнасьцямі».
Як навучыцца адпачываць?
«Калі мы гаворым пра самастойную працу, то я б пачала рэгулярна практыкаваць размовы са сваёй трывожнай часткай, якая вінаваціць: «Адпачынак вельмі важны для мяне, ён такі ж неабходны, як ежа і вада, як фізычная актыўнасьць, як паўнавартасны сон і цёплыя стасункі з блізкімі. Я хачу быць моцным і здаровым чалавекам. Я ўсё пасьпею. Я прыняла такое рашэньне, таму што клапачуся пра сябе і люблю сябе».