Бацька асуджанай журналісткі Ксеніі Луцкіной расказаў «Народнай волі» апошнія навіны ад дачкі.
Паводле Алега Луцкіна, зь нядаўняй тэлефоннай размовы з Ксеніяй ён даведаўся, што яе так і не вазілі на МРТ.
«Стаіць у чарзе на абсьледаваньне — вось і ўсё, што вядома», — сказаў Алег Луцкін.
Ён дадаў, што цяпер Ксенія на працы ў калёніі вяжа вяхоткі.
«Натуральна, калі здароўе дазваляе. Пэрыядычна ў яе здараюцца прыступы, тады траціць прытомнасьць. Але, здаецца, свой плян па вяхотках усё ж выконвае», — расказаў бацька палітзьняволенай журналісткі.
Раней стала вядома, што Ксенія хварэла амаль увесь люты на двухбаковую пнэўманію, два тыдні яна правяла ў шпітальным пакоі гомельскай калёніі № 4. На нейкі час палітзьняволеную па стане здароўя вызвалілі ад працы ў прамысловай зоне калёніі.
- Былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну асудзілі 28 верасьня на 8 гадоў калёніі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).
- У зьняволеньні ў Ксеніі Луцкіной абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расьці пухліна ў галаўным мозгу, абвастрылася бранхіяльная астма. Ад пастаянных галаўных боляў журналістка вымушана прымаць абязбольвальнае.
- Вядома, што Ксенія адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.