У трэцюю летнюю ноч 2023 года ў Езярышчы на поўначы Віцебскай вобласьці тэмпэратура паветра апусьцілася да 0,9 градуса марозу.
Абноўлены мінімум ня толькі ночы на 3 чэрвеня (+1,6 градуса ў 2001 годзе), але і ўсяго чэрвеня за ўвесь пэрыяд мэтэаназіраньняў у гэтым населеным пункце (-0,3 градуса 11 чэрвеня 1982 года), сьведчыць праведзенае BPN параўнаньне апэратыўных і архіўных даных Белгідрамета.
У Менску перапісаны экстрэмум ночы 95-гадовай даўніны (+2,2 супраць +2,7 градуса 3 чэрвеня 1928 года).
Новыя лякальныя мінімумы адзначаны таксама ў Мар’інай Горцы (+1,2 супраць +1,4 у 2017 годзе) і Сянно (+3,4 супраць +3,6 у 2003-м). У Клічаве антырэкорд паўтораны (+1,4 у 2017 годзе).
Для ўсёй краіны абсалютны рэкорд холаду для ночы 3 чэрвеня складае −1,4 градуса (у 1991 годзе на мэтэастанцыі «Палеская» у Лунінецкім раёне), для ўсяго першага летняга месяца — 2,3 градуса марозу (1 чэрвеня 2001 года на «Палескай» і 11 чэрвеня 1982 года ў Оршы).
У ноч на 4 чэрвеня магчымыя замаразкі да −2.
У траўні на беларускіх мэтэастанцыях былі абноўленыя 72 начныя мінімумы.