Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сілавы пераварот у Беларусі рыхтуюць у трох суседніх краінах — Польшчы, Літве і Ўкраіне.
«У Польшчы, Літве і, на жаль, ва Ўкраіне вядзецца навучаньне чальцоў незаконных узброеных фармаваньняў, робяцца спробы стварэньня спячых экстрэмісцкіх ячэек непасрэдна ў краіне. Нядаўнія факты аб гэтым сьведчаць. То бок у нас рыхтуюць сілавы сцэнар зьмены ўлады. Мы гэта бачым. Мы гэтага не дапусьцім», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА зь ягонага выступу на пасяджэньні ў Менску Савету кіраўнікоў органаў бясьпекі і спэцслужбаў краін СНД.
Ніякіх доказаў сваім словам ён не прывёў.
Лукашэнка назваў ключавой пагрозай бясьпецы СНД інфармацыйна-псыхалягічнае ўзьдзеяньне, мэтай якога зьяўляецца нібыта «падрыў аўтарытэту нашых дзяржаў на міжнароднай арэне».
«Пад фэйкі часам праводзяць небясьпечныя, агрэсіўныя дзеяньні», — заявіў ён.
«Нам трэба разумець, што вялікія гульцы вакол нас — Расеі, Беларусі, цэнтральнаазіяцкіх дзяржаў — паціху спрабуюць нас расьцягнуць. Мы гэтага не павінны дапусьціць», — цытуюць Лукашэнку.
Ён таксама дадаў, што згодны з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, які напярэдадні заявіў, што не Расея пачала вайну ва Ўкраіне.
«Я абсалютна згодны з прэыздэнтам Пуціным, калі ён кажа, што ня мы пачалі гэтую вайну. Яна пачалася нават не ў 2014 годзе. Яна пачалася задоўга да 2014 году. Той „карычневы“ пераварот, які адбыўся. Мы бачылі, хто Ўкраіну да гэтага падводзіць», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка і прызнаўся, што Ўкраіна за гэты час стваралі баяздольныя ўзброеныя сілы.
БелТА не ўдакладняе, якія краіны СНД накіравалі на пасяджэньне ў Менск кіраўнікоў сваіх органаў бясьпекі і спэцслужбаў, а якія абмежаваліся ўдзелам сваіх прадстаўнікоў пры органах СНД або амбасадаў.
Напярэдадні авіяцыйная супольнасьць FlightRadar24 Air Force паведаміла, што ў Менску прызямліліся два самалёты, якія належаць ФСБ Расеі, і адзін — ураду Азэрбайджану.
У відэазапісе, распаўсюджаным Выканкамам СНД, у цырымоніі ўскладаньня кветак да помніка Перамогі ў Менску ўдзельнічалі шасьцёра ўдзельнікаў пасяджэньня.
19 траўня ў Кітаі абвясьцілі аб стварэньні новай арганізацыі з постсавецкімі краінамі Цэнтральнай Азіі — Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану.
1 чэрвеня ў Малдове адбываецца саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, у якой бяруць удзел прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян. Мяркуецца, што на гэтым саміце могуць быць дасягнутыя дамоўленасьці па ўрэгуляваньні канфлікту ў Нагорным Карабаху, які не змаглі разьвязаць у рамках СНД і пры ўдзеле Расеі.
Расея пачла поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны 22 лютага 2022 году. Кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскую агрэсію і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.