На ўкраінскай частцы ў памежжы зь Беларусьсю насупраць беларускіх пунктаў пропуску зьявіліся новыя білборды і гучыць дзяржаўны гімн Украіны.
Такім чынам, як паведаміў тэлеканал «Белсат», украінцы павіншавалі беларускіх памежнікаў з 9 траўня ў як мінімум у шасьці пунктах пропуску — Прыкладнікі, Копішча, Вычаўка, Гарадзішча і Пераброды ў Ровенскай вобласьці, а таксама Выступовічы ў Жытомірскай вобласьці.
На білбордах намаляваныя ўкраінец на тле ўкраінскага сіня-жоўтага сьцяга і беларус на тле бела-чырвона-белага сьцяга і напісана: «Разам перамаглі фашызм, разам пераможам рашызм».
У адным з беларускіх пунктаў пропуску ў адказ разьмясьцілі плякат з надпісам «Беларусь памятае».
Арганізатары акцыі паведамілі, што такім чынам яны вырашылі нагадаць беларускаму боку пра супольную барацьбу ў часе Другой сусьветнай вайны.
У 2015 годзе беларускія і ўкраінскія памежнікі ўзаемнае віншавалі з 9 траўня грамадзян абедзьвюх краін, якія перасякалі мяжу. Першыя сустракалі з кветкай яблыні на форме, а другія — з кветкай маку.
З пачатку вайны на ўкраінскім баку ў памежжы зь Беларусьсю пэрыядычна зьяўляецца бел-чырвона-белы сьцяг. Украінскія памежнікі таксама дэманстравалі беларускаму боку ролікі пра ваенныя злачынствы расейскай арміі ў Кіеўскай вобласьці. Мясцовыя ўлады назвалі гэта «вайной білбордаў».