Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Wall Street Journal: Кітайская дэлегацыя прапаноўвала ЭЗ прызнаць расейскія анэксіі вобласьцяў Украіны


Перамовы міністра замежных спраў Украіны Дзьмітра Кулебы з адмысловым прадстаўніком КНР Лі Хуэем, Кіеў, 16 траўня 2023
Перамовы міністра замежных спраў Украіны Дзьмітра Кулебы з адмысловым прадстаўніком КНР Лі Хуэем, Кіеў, 16 траўня 2023

Кітайская дэлегацыя падчас свайго эўрапейскага турнэ пераконвала краіны Эўразьвязу прызнаць анэксію Расеяй акупаваных тэрыторыяў у Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай вобласьцях Украіны, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы ва ўрадах краін ЭЗ.

Паводле крыніцаў, Кітай заклікае Расею і Ўкраіну спыніць агонь і зафіксаваць межы па стане на сёньняшні дзень.

Як сказаў адзін з дыпляматаў, якія прысутнічалі на перамовах, эўрапейскі бок адказаў, што не зацікаўлены ў замарозцы канфлікту і па-ранейшаму лічыць галоўнай умовай яго ўрэгуляваньня вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі Ўкраіны. На думку іншага дыплямата, Пэкін такім чынам спрабуе праверыць на трываласьць адзінства Захаду ў адносінах да падтрымкі Ўкраіны.

Супрацоўнікі дыпляматычных ведамстваў лічаць, што галоўны інтарэс Кітая ў тым, каб Расея не прайграла ўкраінскую вайну і не ўжыла ядзерную зброю.

У лютым Кітай прэзэнтаваў свой плян заканчэньня вайны паміж Расеяй і Ўкраінай. У ім КНР заклікала паважаць сувэрэнітэт усіх краінаў згодна зь міжнародным заканадаўствам і прынцыпамі Статуту ААН. Пэкін настойвае на гарантыях сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці ўсіх дзяржаў.

16 траўня дэлегацыя Кітаю на чале са спэцпрадстаўніком МЗС Лі Хуэем прыляцела ў Кіеў, дзе правяла сустрэчу зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам. Кулеба адзначыў важнасьць удзелу Кітаю ў мірных перамовах, але падкрэсьліў, што Ўкраіна не прымае ніякіх прапановаў, якія прадугледжваюць страту яе тэрыторыяў або замарожваньне канфлікту. Пра гэта ж заяўляў і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Пасьля гэтага Лі Хуэй наведаў Польшчу, Францыю, Нямеччыну і Бэльгію, дзе разьмешчаныя штаб-кватэры Эўракамісіі і NATO. Сёньня, 26 траўня, ён павінен прыляцець у Маскву для сустрэчы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.

Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў сёньня, што «любыя варыянты спыненьня вайны ва Ўкраіне, якія не прадугледжваюць вызваленьне ўсіх украінскіх тэрыторый, выклічуць рост колькасьці канфліктаў па ўсім сьвеце».

Паводле яго слоў, любы «кампрамісны сцэнар», які б даў магчымасьць завяршыць вайну без аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, «раўназначны прызнаньню паразы дэмакратыі, выйгрышу Расеі, захаваньню рэжыму Пуціна і, як вынік, рэзкаму росту канфліктаў у сусьветнай палітыцы».

Пры гэтым, па словах Падаляка, «ананімныя крыніцы» ў эўрапейскіх і амэрыканскіх элітах пэрыядычна кажуць пра такія сцэнары.

«Пытаньне рытарычнае: чаму некаторыя грамадзкія дзеячы працягваюць гуляць паводле „расейскага мэдыйнага сцэнару“ і зацягваюць канфлікт?» — дадаў Падаляк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG