Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пасьля перамоваў з кіраўніком Кітаю: мір за кошт тэрытарыяльных саступак немагчымы


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

«Дасягненьне міру за кошт тэрытарыяльных саступак немагчымае. Тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны павінная быць адноўленая ў межах 1991 году».

Пра гэта па выніках тэлефонных перамоваў з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам напісаў у Тэлеграме прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Мір з тэрытарыяльнымі кампрамісамі немагчымы», — падкрэсьліў украінскі лідэр.

Прэсавы сакратар Зяленскага Сяргей Нікіфараў у сваю чаргу паведаміў, што ўкраінскі і кітайскі мірныя пляны знайшлі агульныя кропкі судакрананьня — у прыватнасьці па пытаньні неўжываньня ядзернай зброі.

Першую з пачатку вайны размову Зяленскага і Сі віталі ЗША. Каардынатар у стратэгічных камунікацыях Рады нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі назваў перамовы добрай навіной. Разам з тым, пакуль невядома, ці прывядзе кантакт да прагрэсу ў мірным урэгуляваньні, зазначаюць у Вашынгтоне.

МЗС Расеі заявіла, што Масква бачыць гатоўнасьць Пэкіну прыкладаць намаганьні для наладжваньня перагаворнага працэсу па Ўкраіне. Пры гэтым прадстаўнік міністэрства Марыя Захарава ў афіцыйным камэнтары ведамства паведаміла, што «кіраваны Вашынгтонам Кіеў наўрад ці можа адэкватна ўспрыняць заклікі да міру».

Сі па выніках перамоваў заявіў, што Кітай будзе рашуча спрыяць перамоўнаму працэсу і спыненьню агню ў найкарацейшыя тэрміны.

Акрамя таго, Пэкін паведаміў, што адправіць у Кіеў сваю дэлегацыю для перамоваў аб урэгулявання ўзброенага канфлікту Расеі з Украінай. Паводле папярэдніх зьвестак, узначаліць місію КНР можа былы кітайскі амбасадар у Маскве Лі Хуэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG