Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі малаверагоднае, нягледзячы на падпісаньне дакумэнтаў


Міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу на сустрэчы ў Маскве. 5 сакавіка 2021. Архіўнае фота
Міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу на сустрэчы ў Маскве. 5 сакавіка 2021. Архіўнае фота

«Расея даўно мае ядзерную зброю, якая здольная паразіць любую цэль, у якую можна пацэліць і з тэрыторыі Беларусі, і ISW працягвае ацэньваць, што вельмі малаверагодна, што Пуцін будзе выкарыстоўваць ядзерную зброю ва Ўкраіне ці дзе-небудзь яшчэ».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што для разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі патрэбна значная інфраструктура і расейскае камандаваньне, якое будзе яе кантраляваць.

«Расея і Беларусь падпісалі пагадненьні, якія афіцыйна пасоўваюць падрыхтоўку да разьмяшчэньня расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі ў рамках даўніх намаганьняў па ўмацаваньні дэ-факта вайсковага кантролю Расеі над Беларусьсю, хоць Расея яшчэ не разьмясьціла ядзерную зброю ў Беларусі і яе магчымае разьмяшчэньне зусім малаімавернае», — адзначаецца ў штодзённай справаздачы Інстытуту.

Экспэрты мяркуюць, што заява Ўладзіміра Пуціна аб намеры разьмясьціць да 1 ліпеня ядзерную зброю ў Беларусі была накіраваная на тое, каб аднавіць інфармацыйныя апэрацыі аб ядзерным патэнцыяле Расеі ў сувязі з вайной ва Ўкраіне.

«Расея даўно мае ядзерную зброю, якая здольная паразіць любую цэль, у тым ліку і тую, у якую можна пацэліць з тэрыторыі Беларусі, і ISW працягвае ацэньваць, што вельмі малаверагодна, што Пуцін будзе выкарыстоўваць ядзерную зброю ва Ўкраіне ці дзе-небудзь яшчэ», — патлумачылі экспэрты ISW.

У Інстытуце вывучэньня вайны зьвярнулі ўвагу на заяву міністра абароны Расеі Сяргей Шайгу аб намеры ўвесьці на тэрыторыю Беларусі дадатковыя вайсковыя кантынгенты для разьвіцьця ваеннай інфраструктуры, пашырэньня сумеснай баявой падрыхтоўкі і вядзеньня выведнай дзейнасьці ля межаў так званай «саюзнай дзяржавы».

«Разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі патрабуе як значнай вайсковай інфраструктуры, так і расейскага камандаваньня і кантролю над элемэнтамі беларускіх узброеных сіл. Крэмль, пэўна, мае намер выкарыстаць гэтыя патрабаваньні для далейшага падпарадкаваньня Расеі беларускай сфэры бясьпекі», — перакананыя ў Інстытуце вывучэньня вайны.

Крэмль выкарыстоўвае ЭАЭС, каб у абыход санкцый працягваць набываць вайсковыя тэхналёгіі


Сустрэчу ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) у Інстытуце вывучэньня вайны расцанілі як спробу Ўладзіміра Пуціна пераканаць партнэраў па арганізацыі дапамагчы ў лягістычных схемах Крамля з Кітаем і Іранам для ўхіленьня ад санкцый, уведзеных пасьля ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

Экспэрты ISW зьвярнулі ўвагу на тое, што Ўладзімір Пуціна заклікаў да павелічэньня колькасьці новых супольных прадпрыемстваў пад агульнай гандлёвай маркай «зроблена ў ЭАЭС».

«Гэтая мера, падобна, накіраваная на рэбрэндынг расейскай прадукцыі як прадукцыі ЭАЭС, каб пазьбегнуць заходніх абмежаваньняў на расейскі экспарт», — адзначаецца ў справаздачы.

Паводле экспэртаў, заявы Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева аб неабходнасьці стварэньня паўнавартаснага эканамічнага саюзу з функцыянальным агульным рынкам, у тым ліку агульным рынкам энэргарэсурсаў, могуць сьведчыць аб тым, што Беларусь і Казахстан актыўна дапамагаюць Расеі пазьбегнуць санкцый.

«Крэмль, імаверна, імкнецца пашырыць і фармалізаваць гэтыя адносіны ў больш шырокім фармаце арганізацыі. Раней ISW ацаніў, што Крэмль, падобна, выкарыстоўвае сваё дамінаваньне ў АДКБ, каб заахвоціць партнэраў па арганізацыі набываць тэхналёгіі падвойнага прызначэньня, якія Расея ня можа набыць непасрэдна праз заходнія санкцыі, і падобна, што Крэмль спрабуе такім жа чынам узмацніць сваю ролю ў ЭАЭС», — перакананыя ў Інстытуце вывучэньня вайны.

25 мая міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу падпісалі ў Менску дакумэнты, якія вызначаюць «парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцыяльным сховішчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Расея, разьмяшчаючы ў Беларусі тактычную ядзерную зброю, «не перадае яе рэспубліцы, кантроль над ёй і рашэньне аб прымяненьні застаецца за Масквой», — заявіў кіраўнік Мінабароны РФ.

Аляксандар Лукашэнка, адказваючы ў гэты дзень у Маскве на пытаньні журналістаў, заявіў, што перамяшчэньне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG