Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вось такі сувэрэнітэт. Лукашэнка ня ведае, што расейская ядзерная зброя ўжо разьмяшчаецца ў Беларусі


Запуск ракеты. Ілюстрацыйны здымак.
Запуск ракеты. Ілюстрацыйны здымак.

25 траўня стаў вельмі адметным днём у дачыненьнях Беларусі і Расеі.

Аляксандар Лукашэнка ў Маскве ўдзельнічаў у саміце ЭАЭС, прэм’ер Раман Галоўчанка наведваў Мурманскую вобласьць, а міністры абароны дзьвюх краін Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі дакумэнты аб парадку ўтрыманьня расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Усё ў адзін дзень.

Сьцісла:

  • Разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі перайшло ў стадыю практычнай рэалізацыі.
  • Расея ня ставіць кіраўніцтва Беларусі ў вядомасьць пра разьмяшчэньне ядзернай зброі ў краіне.
  • Беларускія ўлады моцна занепакоеныя ваеннымі пагрозамі звонку.
  • На саміце ЭАЭС выступы кіраўнікоў краін-чальцоў гэтага саюзу выглядалі як дэклярацыі аб намерах.

Што да ядзернай зброі. Яшчэ 16 траўня афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў запэўніваў удзельнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, што беларускія ўлады нічога не зрабілі ў пытаньні разьмяшчэньня расейскай тактычнай ядзернай зброі. А ўжо 25 траўня падпісанае адпаведнае пагадненьне.

Нагадаю, што Ўладзімір Пуцін казаў пра намер пабудаваць ядзернае сховішча да 1 ліпеня. Так што, здаецца, усё ідзе паводле пляну.

Важная выснова зь сёньняшняй падзеі ў Менску палягае вось у чым. Калі Пуцін 25 сакавіка заявіў пра рашэньне разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю, а Лукашэнка неяк дзіўна замаўчаў, шмат хто з экспэртаў расцаніў гэта як блеф, як інфармацыйную атаку з мэтай запужаць Захад. Цяперашнія дамоўленасьці ў Менску сьведчаць пра тое, што адбываецца практычная рэалізацыя прынятага ў Крамлі палітычнага рашэньня. З усімі геапалітычнымі наступствамі для Беларусі.

Лукашэнка ў Маскве зьвярнуўся да гэтай тэмы, адказваючы на пытаньні журналістаў. Паводле яго, яны з прэзыдэнтам Расеі абмяркоўвалі згаданае пытаньне падчас Эўразійскага форуму: «Ён мяне праінфармаваў, што падпісаў указ аб нашых дзеяньнях па разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі». Зафіксуем гэта. То бок Пуцін падпісвае дакумэнт аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі — і толькі потым інфармуе пра гэта Лукашэнку. Ставіць яго перад фактам.

Далей цікавы дыялёг Лукашэнкі з журналістам.

Лукашэнка: «Пачалося перамяшчэньне ядзерных боепрыпасаў».

Журналіст: «Ужо пачалося? Яна (ядзерная зброя. — Заўвага БелТА) ужо ў Беларусі?»

Лукашэнка: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».

Такім чынам, Лукашэнка сам прызнаецца, што ня ведае дакладна, Расея ня ставіць яго ў вядомасьць пра разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі. Толькі постфактум беларускі ўладар даведваецца і пра ўказ Пуціна, і пра перамяшчэньне сюды ядзернай зброі («прыеду — пагляджу»). Лёсавызначальнае для краіны пытаньне вырашаецца без Лукашэнкі. Вось такі сувэрэнітэт.

Іншы сюжэт. Лукашэнка пракамэнтаваў заяву колішняга намесьніка міністра абароны Польшчы Вальдэмара Скшыпчака пра неабходнасьць падрыхтавацца да магчымага паўстаньня ў Беларусі. Камэнтар звычайны: мы гатовыя, мы не баімся, мы ўсіх задушым. Чаму ўвогуле ён рэагуе на выказваньні практычна прыватнай асобы? Можна сказаць, што проста пытаньне задалі. Але тут важны агульны кантэкст. Толькі што быў напад нейкіх узброеных людзей на Белгарадзкую вобласьць РФ, што выклікала вялікі рэзананс. Яшчэ да таго Беларусь увяла памежны кантроль на мяжы з Расеяй і прывяла войска ў павышаную баявую гатоўнасьць. Прадстаўнікі палку Каліноўскага і іншых беларускіх добраахвотных падразьдзяленьняў, якія ваююць на баку Ўкраіны, абяцаюць зладзіць «вызваленчы паход» у Беларусь; у адказ беларускія ўлады будуюць нейкія абарончыя збудаваньні, якія назвалі «лініяй Хрэніна». І тут на гэтым тле заява адстаўнога польскага генэрала. Ёсьць ад чаго хвалявацца. Можна не сумнявацца, што адказам будзе новая хваля мілітарысцкай ліхаманкі і палітычнага тэрору.

Што да саміту ЭАЭС, то выступы кіраўнікоў краін-чальцоў гэтага саюзу выглядалі як дэклярацыі аб намерах. Удзельнікі заклікалі да больш актыўнай інтэграцыі, шчыльнага эканамічнага супрацоўніцтва. Лукашэнка гаварыў пра неабходнасьць ператварэньня эўразійскага саюзу ў сусьветны цэнтар, насуперак Захаду. Нічога новага.

Новым стала, можа, толькі тое, пра што ўголас лідэры не гаварылі. Апошні год у саюзу зьявілася новая функцыя: ЭАЭС стаў зручным мэханізмам кантрабанды ў Расею падсанкцыйных тавараў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG