Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бунтаўніку, які штурмаваў Капітолій і закінуў ногі на працоўны стол Нэнсі Пэлосі, прысудзілі 4,5 гады турмы


Шторм Капітолія ў 2021 годзе
Шторм Капітолія ў 2021 годзе

Вынесьлі прысуд мужчыну з Арканзасу, якога сфатаграфавалі з нагамі на стале ў кабінэце сьпікера Палаты прадстаўнікоў ЗША.

Фотаздымак зрабілі пасьля таго, як мужчына далучыўся да натоўпу, які штурмаваў Капітолій ЗША ў 2021 годзе. Цяпер яму прысудзілі 4,5 гады пазбаўленьня волі, піша Голас Амэрыкі.

63-гадовы Рычард Барнэт адкінуўся на сьпінку фатэля, закінуўшы на стол ногі ў офісе палітыка-дэмакрата, калі яго сфатаграфаваў фатограф AFP. Фота стала адным са знакавых здымкаў бунту 6 студзеня 2021 году.

Барнэт далучыўся да прыхільнікаў тагачаснага прэзыдэнта Дональда Трампа, якія ўварваліся ў Кангрэс, каб закрыць заканадаўчы орган, калі ён сабраўся, каб прызнаць дэмакрата Джо Байдэна наступным прэзыдэнтам ЗША.

Суд прысяжных у Вашынгтоне прызнаў Барнэта вінаватым у студзені па васьмі пунктах абвінавачваньня, уключаючы перашкоды Кангрэсу ў сэртыфікацыі выбараў, незаконнае пранікненьне ў Капітолій і хуліганства з выкарыстаньнем небясьпечнай зброі — электрашокера, замаскаванага пад кіёк.

Пракуратура папрасіла судзьдзю Крыстафэра Купэра прысудзіць да 7 гадоў пазбаўленьня волі. У сваёй запісцы аб вынясеньні прысуду пракуратура заявіла, што Барнэт не дэманстраваў раскаяньня і «імкнуўся атрымаць прыбытак ад сваёй вядомасьці і злачынных паводзінаў», прадаючы «фатаграфіі з аўтографам сябе ў офісе сьпікера».

Абаронца Барнэта прасіў судзьдзю прызначыць яму 12 месяцаў зьняволеньня.

Барнэт, апісаны ў судовых дакумэнтах як прыхільнік тэорыі змовы QAnon, якая сьцьвярджае, што існуе глябальная лібэральная змова з мэтай выкраданьня дзяцей, абараняў свае дзеяньні як ажыцьцяўленьне свайго канстытуцыйнага права на пратэст.

Але знаходзячыся ў офісе Пэлосі, ён напісаў ёй грубае паведамленьне.

Больш за 1000 чалавек арыштавалі за ўдзел у тым, што пракуратура назвала паўстаньнем, каб утрымаць Трампа ў Белым доме пасьля яго паразы на выбарах. Большасьці зь іх пагражае абвінавачаньне ў незаконным пранікненьні ў Капітолій або нанясеньні шкоды маёмасьці, але каля 350 былі абвінавачаны ў нападзе на супрацоўнікаў праваахоўных органаў або супраціве арышту, а больш чым 50 — у сур’ёзных злачынствах па змове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG