Суд прысяжных у Нью-Ёрку прызнаў экс-прэзыдэнта Дональда Трампа вінаватым у сэксуальных дамаганьнях да калюмністкі часопіса Elle Элізабэт Джын Кэрал, але не прызнаў Трампа вінаватым у яе згвалтаваньні, паведамляюць агенцтвы CNN i Reuters.
Трампу загадалі выплаціць Джыл Кэрал кампэнсацыю ў два мільёны даляраў у рамках урэгуляваньня пазову. Таксама прысяжныя прызналі Трампа вінаватым у паклёпе ў дачыненьні да пісьменьніцы і абавязалі яго выплаціць яшчэ адну кампэнсацыю — амаль у тры мільёны даляраў, бо ў кастрычніку 2022 году Трамп назваў яе прэтэнзіі «поўнай афёрай», «розыгрышам» і «хлусьнёй».
Дональд Трамп не прысутнічаў у судзе цягам усяго судовага працэсу, які пачаўся 25 красавіка. У паведамленьні на сваёй плятформе Truth Social Трамп назваў прысуд «ганьбай» і сказаў: «Я абсалютна паняцьця ня маю, хто гэтая жанчына». Як паведамляе Reuters, абарона Трампа ўжо заявіла пра намер абскардзіць гэтае рашэньне суду.
- Джыл Кэрал высунула абвінавачаньні супраць Трампа 4 гады таму. Яна сьцьвярджала, што ў 1996 годзе сустрэлася з будучым прэзыдэнтам ЗША ва ўнівэрмагу ў Нью-Ёрку. Нібыта ён прапанаваў ёй прымераць бялізну, якую выбіраў для падарунку іншай жанчыне, а калі Кэрал пагадзілася, ён завёў яе ў прымяральню і згвалтаваў.
- Трамп абвінавачаньні абвяргае. Ён заяўляў, што Кэрал абгаварыла яго, каб прадаць больш кніг. Пры гэтым ён адмовіўся ад абароны і даваньня паказаньняў у судзе.
- Цяпер у судзе Нью-Ёрку слухаецца яшчэ адна справа супраць Трампа — па абвінавачаньні ў выплаце ў 2016 годзе порнаактрысе Стормі Дэніэлс 130 тысяч даляраў за маўчаньне пра сэксуальную сувязь зь ёю. Акруговая пракуратура Мангэтану лічыць, што Трамп парушыў выбарчае заканадаўства, выкарыстаўшы грошы выбарчага фонду. Трамп і яго адвакаты адмаўляюць віну і сам факт злачынства, называючы цяперашнія падзеі «палітычным перасьледам».
- Дональд Трамп — першы ў гісторыі ЗША былы прэзыдэнт, якому інкрымінуюць учыненьне крымінальных злачынстваў. Пры гэтым ён зноў вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта ЗША на выбарах у 2024 годзе.