Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губэрнатар Флорыды ДэСантыс падаў заяўку на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2024 годзе


Рон ДэСантыс
Рон ДэСантыс

Рэспубліканец Рон ДэСантыс 24 траўня падаў у Фэдэральную выбарчую камісію дакумэнты на ўдзел у выбарах прэзыдэнта ЗША ў 2024 годзе.

Губэрнатар Флорыды зьбіраецца афіцыйна запусьціць сваю прэзыдэнцкую кампанію 24 траўня падчас стрыму ў Twitter зь Іланам Маскам.

ДэСантыс стане галоўным канкурэнтам экс-прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў барацьбе за вылучэньне ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі.

На выбарах у лістападзе 2024 году кандыдат ад Рэспубліканскай партыі будзе змагацца з кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, імаверна, прэзыдэнтам Джо Байдэнам, які абвясьціў пра свой намер зноў балятавацца ў прэзыдэнты у красавіку.

Як адзначае ВВС, пазыцыя ДэСантыса адносна вайны ва Ўкраіне істотна адрозьніваецца ад палітыкі адміністрацыі Байдэна.

У сакавіку ДэСантыс назваў гэтую вайну «тэрытарыяльнай спрэчкай» паміж Расеяй і Ўкраінай. Яму давялося тлумачыцца пасьля рэзкай крытыкі ў ягоны адрас. Аднак губэрнатар Флорыды падкрэсьліў, што Расея ня мела права ўрывацца ў сувэрэнную краіну, але адзначыў, што «там шмат этнічных расейцаў».

У красавіку ДэСантыс, які раней скептычна выказваўся з нагоды шырокай амэрыканскай ваеннай дапамогі Кіеву, заклікаў да мірных перамоваў паміж Расеяй і Ўкраінай.

Кіеў настойвае, што спачатку Ўкраіне павінныя быць вернутыя яе законныя тэрыторыі.

«Вы ня хочаце апынуцца ў сытуацыі, падобнай бітве пад Вэрдэнам, калі ў вас проста масавыя страты, вялікія выдаткі і ў канчатковым выніку патавая сытуацыя», — заявіў ДэСантыс у канцы красавіка.

У бітве пад Вэрдэнам, адной з самых крывавых падчас Першай сусьветнай вайны, было забіта каля 700 тысячаў чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG