У крымінальнай справе разам з адным з уладальнікаў цэнтру «100 балаў» Яўгенам Лівянтам праходзяць яго жонка Юлія, іх дочкі Галіна і Ганна, муж Ганны Мікіта Дрозд, а таксама яшчэ адзін саўладальнік цэнтру Аляксей Іваноў і Аляксандра Энсайн (Вільчыцкая). Зь іх пад вартай пяцёра, на судзе іх трымаюць у клетцы ў кайданках.
Дачцэ Лівянта Ганьне Лівянт і ягонаму зяцю Мікіце Дразду таксама прысудзілі па 3 гады «хатняй хіміі» кожнаму, паведамляе «Народная Воля». Жонку Юлію Лівянт, дачку Галіну Лівянт і калегу па рэпэтытарскім цэнтры «100 балаў» Аляксея Іванова асудзілі на 2 гадоў 6 месяцаў «хатняй хіміі». Аляксандры Вільчыцкай прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі».
Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Справу Лівянта разглядала ў судзе Маскоўскага раёну Менску судзьдзя Кацярына Мурашка.
Суд пастанавіў зьмяніць меру стрыманьня Лівянту, ягонай жонцы Юліі, дачцэ Ганьне, Мікіце Дразду і Аляксею Іванову да ўступленьня прысуду ў законную сілу на падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах, вызваліўшы іх з-пад варты ў залі суда неадкладна. Пры гэтым суд вырашыў пакінуць да ўступленьня прысуду ў законную сілу ранейшыя меры стрыманьня Галіне Лівянт (у выглядзе закладу) і Аляксандры Вільчыцкай (у выглядзе асабістага паручальніцтва).
Яўгена, Юлію і Ганну Лівянтаў, а таксама Драздова прызналі палітвязьнямі.
Перасьлед Яўгена Лівянта і яго блізкіх
Вядомага рэпэтытара, саўладальніка цэнтру «100 балаў» Яўгена Лівянта, ягоную жонку Юлію, старэйшую дачку Ганну, зяця Мікіту Драздова і саўладальніка цэнтру Аляксея Іванова затрымалі летась у сьнежні.
На пачатку красавіка Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю паведаміў, што завёў шэсьць крымінальных спраў пасьля праверкі дзейнасьці заснавальнікаў «100 балаў».
Заяўлялася, што ўпраўленьне ДФР па Віцебскай вобласьці «спыніла супрацьпраўную дзейнасьць» Яўгена Лівянта і Аляксея Іванова «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і абавязковых плацяжоў у бюджэт». Усяго гаворка ідзе пра восем фігурантаў — «удзельнікаў злачыннай групы».
Паводле інфармацыі ДФР, «гэтыя грамадзяне і іх саўдзельнікі» зарэгістравалі пяць юрыдычных асоб пад агульным брэндам «100 балаў» і прыцягвалі «настаўнікаў і выкладчыкаў устаноў адукацыі» для «аказаньня навучэнцам рэпэтытарскіх паслуг» — больш за 180 чалавек, якіх «з мэтай мінімізацыі падаткаў» рэгістравалі ў якасьці індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП).
З паведамленьня вынікала, што бацькі навучэнцаў плацілі за паслугі рэпэтытарскім цэнтрам, пасьля чаго тыя «50% атрыманых сродкаў пералічвалі на адрас ІП на падставе фіктыўных дамоваў аказаньня паслуг».
ДФР зрабіў выснову, што выкладчыкі «фактычна зьяўляліся работнікамі рэпэтытарскіх цэнтраў». «Рэгістрацыя іх у якасьці ІП дазволіла рэпэтытарскім цэнтрам выкарыстоўваць злачынную схему ўхіленьня ад выплаты падаткаў», — сьцьвярджала ведамства.
Дэпартамэнт заявіў, што «ня быў выплачаны падаходны падатак і ўнёскі ў ФСАН агулам на больш як 3,6 млн рублёў». Таксама было сказана, што падазраваныя ў добраахвотным парадку пагашаюць «нанесеную дзяржаве шкоду». У бюджэт паступіла «больш за 630 тысяч рублёў».
29 сакавіка стала вядома пра затрыманьне дырэктаркі адукацыйнага цэнтру «100 балаў» Тацяны Карней. Гэта адбылося пасьля ператрусаў у памяшканьнях цэнтру.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах