Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з вайсковапалоннымі паведаміў пра чарговы абмен палоннымі з Расеяй, у межах якога ўдалося вярнуць і целы загінулых — двух іншаземцаў і адной грамадзянкі Ўкраіны.
«У выніку абмену дадому вяртаюцца восем афіцэраў і 98 вайскоўцаў шараговага і сяржанцкага складу. Таксама рэпатрыявалі тры целы: двух іншаземцаў і ўкраінкі», — адзначаецца ў паведамленьні штабу.
Паводле яго, усе абаронцы абаранялі Ўкраіну на бахмуцкім кірунку, 68 вайскоўцаў лічыліся зьніклымі бязь зьвестак. Сем вызваленых палонных маюць розныя траўмы, у тым ліку раненьні.
Пазьней штаб распаўсюдзіў відэазапіс, на якім відаць, як перавозяць палонных і дзьве труны, адна зь якіх накрытая амэрыканскім сьцягам, што можа сьведчыць аб грамадзянстве ЗША аднаго з загінулых.
З пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ўкраінскія ўлады змаглі дамовіцца пра абмен 2430 украінцаў на расейскіх вайскоўцаў.
З пачатку вайны ў баях за Украіну загінулі каля 20 беларускіх добраахвотнікаў. Вядома, што целы некалькіх зь іх пакуль не ўдалося вярнуць на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю і пахаваць. Вядома, у прыватнасьці, што не ўдалося вярнуць целы Васіля Парфянкова і Васіля Грудовіка, якія загінулі пад Лісічанскам. Яны лічацца зьніклымі бязь вестак.
Невядома таксама, ці змаглі вярнуць чатырох беларусаў, якія апынуліся пад заваламі, калі ў баях за Бахмут загінуў камандзір групы палку Кастуся Каліноўскага.
Свабода зьвярнулася па падрабязнасьці абмену ў Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з вайсковапалоннымі.