Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Складаю навіны ў крыжыкі». Мастачка сабрала пратэсты ў «Гісторыю беларускай выжыванкі»


Вышыванка, прысьвечаная Ніне Багінскай
Вышыванка, прысьвечаная Ніне Багінскай

«Гісторыю, якая цяпер адбываецца, варта было запісаць вышыўкай», — кажа мастачка Руфіна Базлава. Зь мінулага лета яна «запісвае» беларускія падзеі вышыванкамі.

Недзе ў інтэрнэце вы пэўна бачылі вышытую стэлу, раварыста зь бел-чырвона-белым сьцяжком ці складзенага з крыжыкаў амапаўца са шчытом. Гэта ўсё часткі праекту Руфіны «Гісторыя беларускай выжыванкі».

17-гадовай дзяўчынай яна з Горадні паехала ў Чэхію вывучаць мастацтва. Цяпер Руфіна мастачка, ілюстратарка, удзельніца тэатральнай групы «Селядзец пад шубай». Тут яна апавядае, як стала аўтарам цэлай гісторыі.

Руфіна Базлава. Фота: Matej Stransky
Руфіна Базлава. Фота: Matej Stransky

«Летась я вырашыла вярнуцца да тэхнікі вышыўкі, зь якой раней працавала. Я шукала тэму і паралельна сачыла за сытуацыяй у Беларусі. Аднойчы ранкам я прачнулася і зразумела «Вось! Што ты шукаеш, калі ўсё на далоні?»

Спачатку была ідэя зрабіць кніжку ці комікс. Для коміксу ўсё гэта цікава, але не складалася, бо для яго трэба, каб гісторыя ўжо адбылася. Тады я вырашыла пачаць паціху: ёсьць нейкая сытуацыя — села, намалявала. Зрабіла ў жніўні інстаграм, і пасьля неяк выбухова ўсё пайшло: прачынаюся — а ў мяне па 400 новых падпісчыкаў: усе пішуць, цікавяцца.

Аднойчы мне пазваніла дзяўчына зь Нямеччыны, бо тады ўжо шмат людзей зьвярталіся па інтэрвію. Яна размаўляла па-расейску з акцэнтам. І яна спыталася: «Як вы думаеце, наколькі важная для беларусаў „выжыванка“?» Я так сьмяялася, і пасьля стала тлумачыць ёй, чаму сьмяюся. І вось так узьнікла назва.

Назва «выжыванка», вядома, ня толькі гэтай сытуацыі датычыць. Але іншаземцам штораз даводзіцца яе тлумачыць. Напрыклад, «выжываць» па-чэску — гэта ўжо «не галадаваць, усяго мець досыць». Ангельцам ізноў трэба тлумачыць. І ты ўсё пішаш пра гэта, пішаш. І чым далей я пра гэта пісала, разумела, што «выжыванка» — гэта не пра цяпер, а ўвогуле пра беларусаў.


Вышыўка — гэта своеасаблівы код. Жанчыны даўней ня ўмелі ні чытаць, ні пісаць, але яны хацелі адлюстраваць жыцьцё вакол іх. Таму гэта код запісу народнай культуры, народнага жыцьця. Ясна, што раней у ёй былі тэмы шчасьця, Бога, каханьня. І вышыўка тады мела ахоўны сэнс, была абаронай ад злых духаў.

Спадзяюся, што мая вышыўка і цяпер мае гэты сэнс.

Я ў Беларусі два гады не была. Бачыла ўсё ў інтэрнэце, перажывала да сьлёз, сядзела на стрымах «Белсату». Тут адны навіны, там іншыя, а сяджу і гэта ў крыжыкі складаю. Я нават ня думала, што я выбіраю нейкіх герояў, гісторыі. Проста ідуць падзеі, якія трэба гэтым кодам запісаць.

Бачу праз інтэрнэт нешта, што мяне да сьлёз кранае, станоўча ці адмоўна, і разумею — а-а-а-а, гэта крута! Вы малайцы, гэта трэба рабіць. Тады я раблю. Ня ведаю, як яшчэ апісаць.

Я хацела б усё запісаць, але яшчэ не пасьпела. Не пасьпела яшчэ зрабіць, як Маша разарвала пашпарт. Хацелася б зрабіць і Бабарыку, і Ціханоўскага; як людзі хаваліся ў касьцёле, як разабралі вадамёт.

Калі я дыджэям адправіла «выжыванку» пра іх, яны вельмі былі радыя (Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў уключылі песьню «Перамен» на афіцыйным мерапрыемстве. — РС). Даслалі мне фотку, якую я дагэтуль ня выклала. Мы камунікавалі з Кірылам пэўны час; расказваў, што шукаў працу, перавучваўся; казаў, што сумуе па Беларусі і спадзяецца, што неўзабаве зможа вярнуцца. Сьвятлане маю торбу таксама перадалі, але я ня ведаю, якая была рэакцыя, бо мяне там не было.

Хацелася б салігорскім шахтарам паслаць графіку, але я ня ведаю, наколькі гэта бясьпечна.

Я не заўжды адразу бачу ўсю выяву. Часам адразу, а часам доўга сяджу, перабіраю. Вось неўзабаве ў Кіеве ў галерэі «Арсэнал» будзе вялікая выстава беларускіх мастакоў. Я там раблю палатно «Гісторыя беларускай выжыванкі» — стужка 7,3 мэтра ў даўжыню, 45 сантымэтраў у шырыню з вышыўкай гэтых падзей. Ня ўсіх, вядома. Нешта накшталт габэлена з Баё.

Там была выява стэлы «Менск — горад-герой». Мне ў кампазыцыі не хапала нечага зьверху, і я доўга думала, што там трэба зрабіць. І пасьля я зразумела, што там мусяць быць загінулыя героі. Так я зрабіла сэрыю 7 загінулых — там Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандр Віхор, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка, Канстанцін Шышмакоў, Мікіта Крыўцоў, Дзяніс Кузняцоў.

Я даўно задавала сабе пытаньне, ці я больш чэшка, ці больш беларуска. Складана было адказаць. Але летась я зразумела — я беларуска. І мне ня ўсё адно. І калі я нешта магу зрабіць, гэта трэба зрабіць. І калі я нешта магу зьмяніць, гэта трэба зьмяніць.

Стаўленьне да мяне тут, у Чэхіі, не памянялася. Але памянялася стаўленьне да падзей у Беларусі. Калі раней пыталіся: «Ну што ў вас там? А, ну ок», то цяпер: «Ну што ў вас там?! А яшчэ што?!»

Я ніколі на выбары не хадзіла, але летась пайшла ўпершыню, як і шмат хто. Да амбасады хадзіла тры разы. Спачатку проста даведацца, дзе яна знаходзіцца. Спытала, што рабіць, усе ж прыйдуць у нядзелю і мы не пасьпеем. І мне шчыра адказалі, што лепш прыйсьці раней, нават калі гэта датэрміновае, але тады ўсе пасьпеюць.

Я прыйшла зь сяброўкай у суботу прагаласаваць. А пасьля ў нядзелю падтрымаць другую сяброўку — мы тады 5 гадзінаў прастаялі ў чарзе. І пасьля аказалася, што ў нас палічылі правільна, перамагла Сьвятлана.

Я таксама думаю, ці буду я цікавая, калі ўсё скончыцца. Думаю, што мастацтва будзе цікавае. Важна, што ўсё гэта стала бачным, што беларускае мастацтва заявіла пра сябе. Пратэставая дзейнасьць ня толькі ж палітычная — мы ж і правы жанчын абараняем, і іншыя рэчы. Я думаю, што галерэі і іншыя мастацкія арганізацыі зьмянілі погляд і ўбачылі: вось, у Беларусі таксама ёсьць мастацкі патэнцыял і моцныя мастакі, якіх можна прымаць на рэзыдэнцыі, падтрымліваць.

3 сакавіка ў Лос-Анджэлесе ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы (UCLA) будзе мая вялікая онлайн-выстава, якую рыхтуе Саша Рэйзар. Я гэтую выставу вельмі люблю, бо яна менавіта такая, як я заўжды хацела. На ёй ёсьць мае выявы, апісаньне, пра што яны, і спасылкі на падзеі, якія яны адлюстроўваюць. Вось «мае» дыджэі, а вось паглядзіце, як гэта адбывалася ў жыцьці. І Саша гэта ўсё сабрала, зрабіла вялізную працу.

Бо калі беларус глядзіць, ён адразу ўсё разумее, а калі глядзіць іншаземец, ён ня ведае, што тады адбывалася. А мне вельмі важна, каб яны зразумелі ўсю глыбіню таго, пра што я гавару».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG