Усясьветны форум за свабоду выказваньня закліканы пашыраць магчымасьці і абараняць свабоду выказваньня меркаваньняў як абсалютную перадумову для дэмакратыі і прагрэсу чалавецтва.
Місія форуму: аб’ядноўваць абаронцаў свабоды слова ў моцную і актыўную сусьветную супольнасьць, быць каталізатарам пераменаў, імкнуцца даць новым пакаленьням моц, свабоду і бясьпеку для самавыяўленьня.
23 траўня на форуме выступіла жонка зьняволенага праваабаронцы і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.
Натальля Пінчук заявіла, што яе муж Алесь Бяляцкі, усе зьняволеныя праваабаронцы і ўсе палітвязьні ў Беларусі павінны быць вызваленыя без усялякіх умоваў.
«Любы кантакт з уладамі ў Менску магчымы толькі пасьля гэтага (і пры ўмове спыненьня дапамогі Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны). Вызваленьне зьняволеных — не прадмет для бясконцых перамоваў, не тавар для гандлю, а адзінае выйсьце з тупіку, у які дыктатар завёў краіну і народ.
Перамовы з Лукашэнкам, за якім стаіць цень Пуціна, безвыніковыя. Таму вялікая павага тым краінам і палітыкам, якія праяўляюць прынцыповасьць і не маюць ілюзій.
Належыць спадзявацца і на цьвёрдасьць міжнародных арганізацыяў, якія павінны стаяць на варце дэмакратычных каштоўнасьцяў і міру».
Пры гэтым Пінчук зьвярнула ўвагу, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў у асобе Генэральнага сакратара запрасіла Лукашэнку на Саміт аб мэтах устойлівага разьвіцьця, а чыноўнікі ААН хваляць за дасягненьне гэтых мэтаў лукашэнкаўскі рэжым:
«Значыць, устойлівае разьвіцьцё — гэта саўдзел у злачыннай агрэсіі супраць Украіны і масавыя рэпрэсіі, ад якіх ужо ўцяклі сотні тысяч беларусаў?
Прынцыповая палітыка дэмакратычнай супольнасьці павінна зрабіць немагчымым лёгкае існаваньне рэжыму, паказаць, што адказнасьць панясе і сам Лукашэнка, і яго хаўрусьнікі, у тым ліку прапагандысты дзяржаўных мэдыя, а самае галоўнае — даць беларускаму грамадзтву сыгнал, што ахвяры былі ня марныя, і быць гатовым да вяртаньня свабоды».
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.