Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: рэакцыя ў Расеі на падзеі ў Белгарадзкай вобласьці непрапарцыйная іх маштабам


Дарога на расейскі Белгарад з Харкаўскай вобласьці Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Дарога на расейскі Белгарад з Харкаўскай вобласьці Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія СМІ выклікалі і ўзмацнілі паніку ў мясцовых жыхароў і ў грамадзтве Расеі.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што расейскія СМІ і блогеры адрэагавалі на падзеі ў Белгарадзкай вобласьці непрапарцыйна маштабам сытуацыі.

«Расейская рэакцыя на рэйд у інфармацыйнай прасторы выглядае вельмі непрапарцыйнай рэакцыяй на вельмі дробную і лякальную ініцыятыву. Расейскім сілам ня трэба было значных падмацаваньняў або ўдзелу генэрал-палкоўніка для адбіцьця рэйду, зробленага, як паведамляецца, на 13 бронемашынах», — адзначаецца ў штодзённай справаздачы ISW.

У расейскіх СМІ адзначалі «пасьпяховасьць і эфэктыўнасьць» расейскага генэрал-палкоўніка Аляксандра Лапіна, які кіраваў «контратэрарыстычнай апэрацыяй» у Белгарадзкай вобласьці, хоць раней яго шмат крытыкавалі за праваленыя апэрацыі пад Севераданецкам і Лісічанскам на ўкраінскім Данбасе.

Экспэрт інстытуту Джордж Барос мяркуе, што расейцы не разьлічвалі, што баявыя дзеяньні пяройдуць на іхную тэрыторыю.

«Калі расейскія добраахвотнікі сапраўды праніклі так глыбока, як яны сьцьвярджалі, тады гэта дэманструе, што расейскія палявыя ўмацаваньні насамрэч нічога ня вартыя і яны недастаткова ўкамплектаваныя», — сказаў Джордж Барос у інтэрвію ўкраінскай службе «Голасу Амэрыкі».

Экспэрт таксама мяркуе, што рэакцыя расейскіх СМІ на сытуацыю выклікала і ўзмацніла паніку ў грамадзтве Расеі.

Брытанскі палітоляг: перанос баявых дзеяньняў на тэрыторыю Расеі ня зьменіць характару вайны

Брытанскі палітоляг, кіраўнік лёнданскай кансалтынгавай кампаніі «Маяк» Марк Галеоці мяркуе, што расейскія палітычныя сілы, якія хочуць прыскорыць падзеньне рэжыму Пуціна, сапраўды існуюць, але не зьяўляюцца незалежнымі, бо спадзяюцца на ўкраінцаў у пастаўцы ўзбраеньня і вайсковай падтрымцы.

«Пэўным чынам яны прызнаюць, што яны зьяўляюцца часткай украінскіх вайсковых намаганьняў проста таму, што яны вераць у тое, што паражэньне Расеі ва Ўкраіне паскорыць падзеньне рэжыму ў Маскве. Мяркую, што гэта адна ключавая рэч, якая аб’ядноўвае ўсіх разам. Яны ўсе хочуць убачыць падзеньне рэжыму Пуціна», — сказаў Марк Галеоці ў інтэрвію Reuters.

Брытанскі палітоляг мяркуе, што перанос ваенных апэрацый празь мяжу з Расеяй ня зьменіць характару вайны, але гэта зьяўляецца нечым большым, чым проста часткай падрыхтоўчых апэрацый да ўкраінскага контранаступу.

Марк Галеоці перакананы, што такія дзеяньні павялічваюць у расейцаў занепакоенасьць у сувязі з магчымасьцю рэальнага паўстаньня ўнутры Расеі, а таксама адцягваюць расейскія сілы ад супрацьстаяньня ўздоўж лініі фронту напярэдадні контранаступу, які можа пачацца цягам наступнага тыдня.

Брытанскі экспэрт дадаў, што ў той час, калі расейцы думаюць, што вайну можна выграць зьнішчэньнем украінскіх гарадоў, «украінцы дэманструюць значна, значна больш тонкія ўяўленьні, як весьці палітычную вайну ўнутры Расеі». Таму, паводле яго, з украінскага боку будзе яшчэ «шмат творчых і сьмелых апэрацый».

Што папярэднічала

Раніцай 22 траўня пра заход у Белгарадзкую вобласьць паведаміў легіён «Свабода Расеі» — добраахвотніцкае падразьдзяленьне, якое ваюе на баку Ўкраіны. Яго ўдзельнікі заявілі, што сумесна з «Расейскім добраахвотніцкім корпусам» (РДК) яны «вызвалілі н/п Козінку Белгарадзкай вобласьці», а «у Грайваран зайшлі перадавыя аддзелы». «Рухаемся далей. Расея будзе свабоднай!» — гаворыцца ў паведамленьні.

Расейскія ўлады некалькі гадзін не пацьвярджалі дывэрсію легіёну «Свабода Расеі» у Белгарадзкай вобласьці. Але тэлеграм-каналы апублікавалі відэа «меркаванага заходу ўкраінскіх танкаў на тэрыторыю КПП „Грайваран“ у Белгарадзкай вобласьці». Мясцовыя жыхары расказалі, што чулі выбухі і страляніну.

Нягледзячы на паведамленьні СМІ і тэлеграм-каналаў, губэрнатар Вячаслаў Гладкоў некалькі гадзін не пацьвярджаў інфармацыю пра дывэрсантаў і баі зь імі: чыноўнік казаў пра «канцэнтраваны інфармацыйны напад на Белгарадзкую вобласьць» і зламысьнікаў, якія правакавалі паніку сярод насельніцтва. Затым чыноўнік прызнаў «канцэнтраваны абстрэл Грайваранскага раёну», а затым, празь некалькі гадзін, пацьвердзіў факт баёў з дывэрсантамі. «Узброеныя сілы РФ разам з памежнай службай, Расгвардыяй і ФСБ робяць неабходныя захады для ліквідацыі праціўніка», — напісаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале.

Прадстаўнік легіёну «Свабода Расеі» (падразьдзелу з расейцаў, якія ваююць у складзе Ўзброеных сіл Украіны. — РС) заявіў, што гэта першая пасьпяховая «міратворчая апэрацыя на тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці», праведзеная сумесна з Расейскім добраахвотніцкім корпусам «па просьбе мясцовых жыхароў».

У легіёне заявілі аб зьнішчэньні мотастралковай роты расейскай рэгулярнай арміі і некалькіх адзінак бранятэхнікі.

Расейскія ўлады, у сваю чаргу, паведамілі аб «разгроме ўкраінскіх нацыяналістаў» і заканчэньні контратэрарыстычнай апэрацыі.

Бакі нічога не паведамілі аб сваіх стратах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG