Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Freedom House пра Беларусь: «Калёнія пуцінскага імпэрскага праекту»


Сымболіка Freedom House
Сымболіка Freedom House

Праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала чарговы даклад «Нацыі ў пераходзе 2023: Вайна паглыбляе рэгіянальны раскол». Беларусь аднесьлі да групы дзяржаў, прызнаных кансалідаванымі аўтарытарнымі рэжымамі.

Freedom House прадставіла даклад аб стане дэмакратыі ў 29 краінах Усходняй Эўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі, якія раней уваходзілі ў сацыялістычны блёк.

Паводле дакладу арганізацыі Freedom House, у 2023 годзе паказчыкі дэмакратыі зьнізіліся ў 11 з 29 краін, уключаных у справаздачу, і ў 7 краінах адбылося паляпшэньне:

«Тым ня менш грамадзкія актывісты і дэмакратычныя лідэры працягвалі імкнуцца да лепшага кіраваньня ў розных рэгіёнах».

Сытуацыя ацэньваецца па сямібальнай шкале па такіх катэгорыях, як дэмакратычнае кіраваньне, выбарчы працэс, грамадзянская супольнасьць, незалежныя СМІ, мясцовае дэмакратычнае кіраваньне і карупцыя.

У Беларусі сярэдні бал — 1,11 — адзін з самых нізкіх, з-за чаго яна трапіла ў горшую групу дзяржаў з кансалідаваным (умацаваным) аўтарытарным рэжымам. У гэтай кампаніі таксама Азэрбайджан, Расея і краіны Цэнтральнай Азіі — Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбэкістан і Туркмэністан.

Што напісана ў дакладзе пра постсавецкі рэгіён

«На восем краін рэгіёну, якія прызнаныя кансалідаванымі аўтарытарнымі рэжымамі, прыпадае больш за палову ўсіх паніжэньняў балаў у сёлетняй справаздачы. Іх урады адмовіліся ад асноўнага абавязаньня любой дзяржавы абараняць фізычную бясьпеку насельніцтва, замест гэтага ствараючы прамую пагрозу жыцьцю і бясьпецы многіх грамадзян.

У Беларусі, Казахстане, Кіргізстане, Таджыкістане і Ўзбэкістане адбылося значнае звужэньне грамадзянскай прасторы: у адных выпадках улады ўжывалі сьмяротны гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў і катаваньні ў дачыненьні да затрыманых у іншых. Грамадзяне Туркмэністану і Азэрбайджану працягвалі цярпець кумаўство кіроўнай эліты, а драматычная хваля рэпрэсій супраць антываенных выступленьняў у Расеі прывяла да таго, што краіна пацярпела самае вялікае зьніжэньне балаў за амаль 30-гадовую гісторыю справаздачы».

Што напісана ў дакладзе пра Беларусь

Расея і Беларусь маюць 1,11 бала па шкале дэмакратыі, гэта на ўзроўні найніжэйшых паказчыкаў.

Значная частка дакладу прысьвечана расейскай вайне супраць Украіны і яе наступствам для сьвету. Згадваецца ў сувязі зь ёю і Беларусь.

«Вайна Масквы асобна, але істотна адбілася на Беларусі, якая хутка ператвараецца ў калёнію пуцінскага імпэрскага праекту. Расейскія вайскоўцы выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для пачатку сваіх першых нападаў на паўночную Ўкраіну, і з тых часоў Беларусь знаходзілася пад надзвычайным ціскам, каб саступіць большую частку свайго сувэрэнітэту і больш непасрэдна ўдзельнічаць ва ўварваньні.

Між тым Аляксандар Лукашэнка, які сваёй уладай абавязаны падтрымцы Расеі пасьля свайго фальшывага перавыбраньня ў 2020 годзе, прымяніў многія мэтады ўнутраных рэпрэсій, што і ў Расеі. Ён таксама апрабаваў новыя тактыкі, такія як прысваеньне „сродкаў салідарнасьці“, ахвяраваных грамадзянамі беларускаму дэмакратычнаму руху, і перанакіраваньне іх у дзяржаўныя дабрачынныя арганізацыі».

Ацэнка дэмакратыі ў краінах у 2023 годзе паводле Freedom House
Ацэнка дэмакратыі ў краінах у 2023 годзе паводле Freedom House

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG