Беларускіх тхэквандыстаў Алі Радвана, Арцёма Плоніса, Івана Паўлоўскага, Кадырбеча Даурава, Максіма Бандарэвіча, Уладзіславу Сарокіну, Валерыю Смычкову, Віталію Лазуту і Ягора Казлова дапусьцілі да ўдзелу ў нэўтральным статусе, паведамляе партал Inside the Games.
На тых жа ўмовах у чэмпіянаце сьвету змогуць удзельнічаць 14 расейцаў. Пры гэтым двух алімпійскіх чэмпіёнаў па тхэквандо з Расеі, Уладзіслава Ларына і Максіма Храмцова, не дапусьцілі да чэмпіянату сьвету ў Баку за падтрымку вайны супраць Украіны.
Паводле інфармацыі выданьня, у якасьці праверкі на адпаведнасьць крытэрам допуску да ЧС беларускія і расейскія атлеты прайшлі трохэтапную экспэртызу.
- У знак пратэсту супраць допуску беларусаў і расейцаў ад удзелу ў першынстве адмовіліся ўкраінскія спартоўцы.
- 3 красавіка на пазачарговым паседжаньні рады Сусьветнай фэдэрацыі тхэквандо прынялі рашэньне дапусьціць беларусаў і расейцаў да ўдзелу ў спаборніцтвах у нэўтральным статусе.
- 28 сакавіка па выніках пасяджэньня выканкама МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» ва Ўкраіне і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.
- Шэраг міжнародных фэдэрацый па відах спорту выканалі рэкамэндацыі МАК і пагадзіўся дапусьціць беларусаў і расейцаў да спаборніцтваў пад сваёй эгідай.
- 28 лютага 2022 года, праз 4 дні пасля поўнамаштабнага ўварваньня расейскага войска на тэрыторыю Ўкраіны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартыўныя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня.