Міжнародная фэдэрацыя дзюдо дазволіла расейскім і беларускім спартоўцам выступаць на спаборніцтвах у нэўтральным статусе.
Як паведаміў трэнэр украінскай каманды Віталь Дуброва, міжнародная фэдэрацыя не праверыла спартоўцаў, сярод якіх ёсьць прадстаўнікі вайсковых спортклюбаў, якія заключылі кантракт з узброенымі сіламі, што супярэчыць рэкамэндацыям МАК.
Раней Міжнародная фэдэрацыя дзюдо паабяцала ўсіх спартоўцаў, якія захочуць удзельнічаць у спаборніцтвах, праверыць на прапаганду вайны: вывучаць біяграфію, кантэнт у сацсетках. Дапусьціць да ўдзелу ў чэмпіянату сьвету ў траўні меліся толькі тых, хто пройдзе праверку. Гэтае спаборніцтва – кваліфікацыйнае для ўдзелу ў парыскай Алімпіядзе.
- Зборная Ўкраіны ўжо другі раз прапускае буйныя міжнародныя спаборніцтвы праз допуск дзюдаістаў з Расеі і Беларусі, першы раз гэта адбылося ў 2022 годзе. Тады ўкраінцы прапусьцілі тры Гран-пры па дзюдо, але пазьней Міжнародная фэдэрацыя вырашыла зноў адхіліць ад спаборніцтваў спартоўцаў з Расеі і Беларусі – яны ня выступілі на чэмпіянаце сьвету ў верасьні 2022 году.