Як стала вядома BPN, раніцай 23 траўня ў Наваполацку і Полацку затрымалі вядучага выкладчыка катэдры сусьветнай літаратуры і замежных моваў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (ПДУ) Алену Храмцову, кандыдата гістарычных навук, дацэнта катэдры гісторыі і турызму ПДУ Віктара Чараўко і супрацоўніцу рэпазытарыя Лідзію Зуеву.
«Алену Храмцову абвінавачваюць у падпісцы на тэлеграм-канал „Беларусь головного мозга“. Ёй інкрымінавалі артыкул 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі), акрамя таго, яе абвясьцілі сьведкай па крымінальнай справе і на гэтай падставе правялі ператрус з адабраньнем тэхнікі», — паведаміла BPN крыніца, якая пажадала застацца неназванай.
- 17 траўня сілавікі затрымалі супрацоўнікаў Наваполацкай цэнтральнай гарадзкой лякарні. Пяцёх зь іх пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі.
- Затрыманьні мэдработнікаў адбыліся пасьля выцеку са шпіталя інфармацыі пра знаходжаньне там палітвязьня Віктара Бабарыкі, які быў дастаўлены ў цяжкім стане з прыкметамі зьбіцьця зь мясцовай калёніі. Месцазнаходжаньне і стан Віктара Бабарыкі па-ранейшаму невядомыя.
- 23 траўня зьявілася інфармацыя, што арыштаваных наваполацкіх мэдыкаў перавялі ў СІЗА Віцебску. Папярэдне паведамляюць, што пра завядзеньне крымінальных спраў гаворка нібыта не ідзе.
- 29 і 30 сакавіка ў Полацку і Наваполацку прайшлі затрыманьні супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, частка зь іх адбыла адміністрацыйныя арышты, у тым ліку неаднаразовыя, на 15 і больш сутак.