Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Літвы выказаўся пра пагрозу разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі


Арвідас Анушаўскас. Архіўнае фота
Арвідас Анушаўскас. Архіўнае фота

Заходнім краінам «ня трэба забываць», што Беларусь «дэ-факта ёсьць часткаю расейскай вайсковай структуры і ў вайсковым пляне ёсьць часткаю Расеі».

Гэта заявіў міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас у інтэрвію выданьню Breaking Defense (ЗША).

«Мы бачым у Расеі пагрозу, якая ня зьменіцца і ня зьнікне ў найбліжэйшай будучыні, — зазначыў службовец. — Вось чаму маем намер працягваць разьвіваць і мадэрнізаваць нашыя ўзброеныя сілы».

Паводле яго, заявы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб тым, што ў Беларусі будзе разьмешчана тактычная ядзерная зброя, «выклікаюць неспакой», бо яна «ўжо ёсьць у Калінінградзкай вобласьці, побач з нашай краінай».

Рэакцыя міжнароднай супольнасьці на «гэты выклік», на думку кіраўніка абароннага ведамства Літвы, «мусіла быць больш актыўнай».

«Палітычная рэакцыя была не такой, як мы чакалі. Калі б Паўночная Карэя абвясьціла аб сваім рашэньні перадаць, разьмясьціць ядзерную зброю ў Іране, якая тады была б рэакцыя?» — задаў пытаньне Анушаўскас.

«Магчыма, міжнародная супольнасьць не хацела востра рэагаваць на пагрозы з боку Расеі, бо пагрозы ядзернай зброяй у апошнія гады гучалі вельмі часта», — выказаў думку ён.

Выказаны Расеяй намер разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі «небясьпечны і непрымальны», адзначылі 19 траўня лідэры дзяржаваў «Вялікай сямёркі» (G7: Вялікая Брытанія, ЗША, Італія, Канада, Нямеччына, Францыя і Японія) у сумеснай заяве, прынятай у першы дзень саміту G7 у Хіросіме (Японія).

Пуцін у інтэрвію тэлеканалу «Рoccия 24», паказаным 25 сакавіка, заявіў, што да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі завершыцца будаўніцтва спэцыяльнага сховішча для тактычнай ядзернай зброі.

«Мы не перадаем [ядзерную зброю]. Мы ў прынцыпе робім усё, што яны [ЗША] робяць дзесяцігодзьдзямі. Яны маюць яе ў многіх краінах-хаўрусьніках, рыхтуюць носьбіты і экіпажы. Тое ж самае зьбіраемся рабіць і мы», — сказаў прэзыдэнт Расеі.

2 красавіка пасол Расеі ў Менску Барыс Грызлоў заявіў, што сховішча расейскай ядзернай зброі будзе «прысунута да заходніх межаў Саюзнай дзяржавы».

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG