Швайцарскі банк Julius Baer даслаў апавяшчэньні кліентам зь Беларусі і Расеі, што іхныя інвэстыцыйныя рахункі замарожаныя. Пра гэта паведамляе Forbes, у распараджэньні якога ліст з банку.
Рахункі беларусаў і расейцаў будуць ізаляваныя ад іншых актываў, а апэрацыі ў іх замарожаныя.
Лісты ад Julius Baer кліенты атрымалі ў панядзелак, 22 траўня. Інфармацыю пацьвердзіў кіраўнік аддзелу карпарацыйных камунікацыяў банку Ян Фондэр Мюль. Паводле яго, прычынай сталі патрабаваньні міжнароднага дэпазытару Euroclear.
У лісьце ўдакладнілі, што продаж каштоўных папераў, якія захоўваюцца ў Euroclear, часова прыпынены, а набыць новыя немагчыма. Грошы ад продажу акцыяў і аблігацыяў, купонныя і дывідэндавыя выплаты будуць захоўвацца на асобных рахунках. Прычым доступ да гэтых рахункаў абмежаваны, і кліенты ня могуць імі распараджацца.
Пры гэтым каштоўныя паперы, якія захоўваюцца ў іншых дэпазытарах, пад гэтыя меры не падпадаюць. Аднак Julius Baer не выключае, што і іншыя дэпазытары ў ЭЗ ці іншай юрысдыкцыі могуць увесьці аналягічныя патрабаваньні.
Захады не закрануць беларусаў і расейцаў, якія маюць грамадзянства дзяржаваў Эўразьвязу, Эўрапейскай эканамічнай зоны ці Швайцарыі. Гэта ж датычыцца ўладальнікаў пастаяннага або часовага дазволу на жыхарства ў названых краінах.
У канцы красавіка Казахстанская фондавая біржа (KASE) рэкамэндавала мясцовым брокерам прымусова аддзяліць рахункі беларусаў ад іншых кліенцкіх рахункаў.