Лядовую арэну плянуецца пабудаваць у Мазыры, заявіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, паведамляе БЕЛТА.
«Цяпер будуем арэну ў Сьветлагорску, наступны на чарзе — Мазыр, зь якім суседнічаюць Нароўля, Калінкавічы. Ёсьць упэўненасьць, што жадаючых займацца спортам дастаткова шмат», — лічыць Іван Крупко.
4 траўня чарговую лядовую арэну адкрылі ў Астраўцы.
На студзень 2023 году, як паведамляў тады генсакратар Беларускай фэдэрацыі хакея Андрэй Башко, у Беларусі было 44 лядовыя арэны і палацы. Ён таксама прызнаў, што ўзьвядзеньне і абслугоўваньне арэн — «дастаткова затратная частка для бюджэту».
У 1990-х Аляксандар Лукашэнка, які захапіўся хакеем і стаў капітанам «наймацнейшай аматарскай каманды сьвету» (так сьцьвярджае дзяржаўная прапаганда), пачаў «палацавы пераварот»: па ўсёй Беларусі пачалі расьці лядовыя арэны, да іх у нагрузку прыкладаліся хакейныя клюбы.
Вялізныя выдаткі на ўтрыманьне дарагіх аб’ектаў ляглі на балянсы мясцовых уладаў — і адпаведна на рэгіянальныя бюджэты. У той жа час бальшыня лядовых палацаў у Беларусі не акупляецца: не кампэнсуецца нават палова сродкаў на ўтрыманьне.
Тым ня менш, згодна з праграмай разьвіцьця хакею ў Беларусі, агульная колькасьць стацыянарных пляцовак павінна дасягнуць паўсотні.