Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне: Расея ў абыход санкцый закупляе праз Казахстан мікрачыпы і дроны DJI для вайны ва Ўкраіне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейская абаронная прамысловасьць і Мінабароны РФ працягваюць, нягледзячы на санкцыі, атрымліваць мікраэлектроніку і бесьпілётнікі праз казахстанскія кампаніі, высьветлілі журналісты «Важных историй», OCCRP і Der Spiegel.

Папулярныя ў войску РФ бесьпілётнікі кітайскай кампаніі DJI трапляюць у Расею праз маскоўскую кампанію «Нябесная мэханіка», высьветлілі расьсьледавальнікі. У сваю чаргу, дроны гэтай кампаніі пастаўляе фірма з Казахстана «Аспан арба», зарэгістраваная ў красавіку 2022 году. Яе заснавальнікам, як удакладнілі журналісты, зьяўляецца ўладальнік «Нябеснай мэханікі» Ілья Гольбэрг, а дырэктарам — Міхаіл Сапожнікаў, які раней быў саўладальнікам «Нябеснай мэханікі». Агулам «Аспан арба» адправіла свайму расейскаму контрагенту больш за 500 дронаў.

Акрамя «Нябеснай мэханікі», розную тэхніку з 2022 году ў «Аспан абара» куплялі: маскоўская абласная фэдэрацыя вэтэранаў узброеных канфліктаў «Рысь» (дроны DJI Mavic 2 агульным коштам каля 138 тысяч даляраў у красавіку 2022 года), камчацкая краёвая рада вэтэранаў вайны і працы (квадракоптар DJI Matrice 300 RTK за 34 тысячы даляраў у лютым), фонд «Будучыня Камчаткі» (дроны на 19 тысяч даляраў) і «Дыджэйай арс Масква» (кампанія купіла тавараў прыкладна на 6,3 млн даляраў).

Таксама, паводле зьвестак расьсьледавальнікаў, схему паставак праз Казахстан выкарыстоўвае расейская фірма «Стэк», якая імпартуе камплектуючыя для вытворчасьці электронікі для ФСБ, расейскай выведкі і Мінабароны РФ. Пастаўшчык кампаніі «Стэк» — казахстанская фірма Da Group 22. У сваю чаргу, казахстанская кампанія набывае дроны ў нямецкай кампаніі Elix-st. Журналісты высьветлілі, што казахстанскай і нямецкай фірмамі валодае нейкая сям’я расейскіх бізнэсоўцаў Чэрнет.

«Elix-St адправіла Da Group у Казахстан камплектуючых больш як на 800 тысяч даляраў, уключаючы прадукцыю такіх вытворцаў, як Analog Devices, Infineon, Texas Instruments, STMicroelectronics, якія сьцьвярджаюць, што больш не супрацоўнічаюць з Расеяй. Da Group, у сваю чаргу, Адпраўляе камплектуючыя ў Расею, у асноўным кампаніі «Стэк», — адзначаецца ў расьсьледаваньні.

У Elix-st пацьвердзілі адпраўку электронных кампанэнтаў Da Group, аднак у кампаніі сьцьвярджаюць, што яны былі прызначаны «для відэарэгістратараў».

Журналісты, прааналізаваўшы дадзеныя Бюро нацыянальнай статыстыкі Казахстана, падлічылі, што абʼём паставак мікрасхем з Казахстана ў 2022 годзе дасягнуў 18 мільёнаў даляраў, а дронаў — 1,23 млн даляраў. Пры гэтым, як удакладнілі расьсьледавальнікі, да лютага 2022 года, Расея, верагодна, зусім не купляла дроны ў Казахстане.

Пасьля пачатку расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ЗША і іншыя краіны ўвялі меры экспартнага кантролю, каб абмежаваць доступ Расеі да тэхналёгіяў і іншых рэсурсаў, якія могуць падтрымліваць яе абаронна-прамысловы комплекс. Датычным да закупак перадавой заходняй электронікі і абсталяваньня для ваенна-прамысловага комплексу Расеі ўлады ЗША прадʼяўляюць абвінавачаньні і заключаюць пад арышт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG