Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альянс расьсьледнікаў Беларусі: Супрацоўнікі КДБ, МУС і Генпракуратуры карысталіся паслугамі банды пэдафілаў, якую стварылі сілавікі


Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2022 годзе ў Беларусі ад дзеяньняў пэдафілаў пацярпелі 1089 дзяцей (для параўнаньня — у 2012-м было вядома пра 38 ахвяраў).

Альянс расьсьледнікаў Беларусі разам з «Кібэрпартызанамі» высьветліў, што на пачатку і ў сярэдзіне 2000-х кіраўнік аддзелу Віцебскай абласной пракуратуры Аляксандар Ільін стварыў і ўзначаліў злачынную групу, якая выкрадала і катавала непаўналетніх, узбагачалася за кошт іх сэксуальнай эксплюатацыі і рэгулярна гвалціла іх.

У распараджэньні журналістаў ёсьць копія выраку Беларускага вайсковага суду, які прайшоў у закрытым рэжыме ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Згодна з прысудам, улетку 2002 году Ільін уцягнуў непаўналетнюю А.Б. і Гулідава А.А. у арганізаваную групу для «далучэньня іншых непаўналетніх дзяўчат у занятак прастытуцыяй і выкарыстаньня гэтага занятку і даходаў ад яго для задавальненьня ўласных патрэбаў».

Як сьведчаць атрыманыя журналістамі копіі прысуду, агулам за пэрыяд дзейнасьці банда Ільіна ўцягнула ў занятак прастытуцыяй, полавыя зносіны і іншыя дзеяньні сэксуальнага характару зь ім, а таксама з трэцімі асобамі, больш за 10 заведама непаўналетніх дзяўчатак, сярод якіх былі 12-гадовыя, шэраг зь іх перад гэтым шантажавалі, запалохвалі і білі. Гэта толькі тыя злачынствы, пра якія стала вядома, адзначаюць расьсьледнікі, бо, як правіла, многія ахвяры такіх злачынстваў не жадаюць агалошваньня ці баяцца ціску і пагрозаў з боку ўдзельнікаў банды ды іх заступнікаў.

Ільін неаднаразова ладзіў для сваіх знаёмых імпрэзы, на якіх прымушаў непаўналетніх забаўляць запрошаных і аказваць ім сэксуальныя паслугі. Падчас сьледзтва ўстаноўлена, што гэтымі знаёмымі, якія бралі ўдзел у «спэц-сэкс-мерапрыемствах», былі палкоўнік КДБ Ігар Навіцкі — кіраўнік Полацкага аддзелу УКДБ Віцебскай вобласьці, палкоўнік міліцыі Барыс Сакалоў — кіраўнік УБЭП УУС Віцебскага аблвыканкаму (пазьней атрымаў павышэньне на службе і пасаду намесьніка кіраўніка ГУБЭЗ МУС), бізнэсовец з Полацку Ўладзімер Захараў, чыё імя супадае зь імем уладальніка кампаніі «Гандлёвы дом „Стралец“», і нехта Яцук, чыё прозьвішча супадае з прозьвішчам былога калегі Ільіна, які працаваў у той час у Віцебскай абласной пракуратуры кіраўніком аддзелу барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

Ад ананімнай крыніцы, знаёмай з ходам сьледзтва, Альянсу расьсьледнікаў Беларусі стала вядома, што адна з пацярпелых падчас допыту паведаміла, што адным з «кліентаў» Ільіна быў высокапастаўлены супрацоўнік пракуратуры зь Менску з характэрнымі вонкавымі прыкметамі. Аднак падазраваным гэты чалавек так і ня стаў.

Як гаворыцца ў копіі прысуду, дзяўчат нярэдка выкрадалі, вывозілі ў лес у прыгарад Віцебску, разьдзявалі дагала і, зьвязаўшы, білі, трымалі аголенымі на сьнезе і марозе, прымушалі капаць сабе магілу, у арандаваных кватэрах кайданкамі прышпільвалі да батарэй і зьдзекаваліся зь іх. Зь ліпеня 2002-га па сьнежань 2005 году Ільін арганізаваў вываз непаўналетніх дзяўчат у Маскву і Сочы для аказваньня сэксуальных паслуг кліентам, а пасьля адбіраў у іх грошы, атрыманыя за гэта.

Судовы прысуд зьмяшчае больш за 50 старонак тэксту з падрабязнымі апісаньнямі сэксуальнага рабства і фізычнага гвалту над малалетнімі ахвярамі.

Паводле дакумэнтаў, А.Б. у межах адведзенай ёй ролі зьбірала інфармацыю пра патэнцыйных малалетніх ахвяраў, пасьля разам з Ільіным рознымі спосабамі (угаворамі, подкупам, шантажом, пагрозамі, спойваньнем алькаголем, запалохваньнямі і гвалтам) схіляла іх да полавых зносінаў і іншых дзеяньняў сэксуальнага характару, вяла перамовы з кліентамі, суправаджала дзяўчат да кліентаў і інш. Гулідаў забясьпечваў дастаўку на розныя адрасы як у Беларусі, так і ў Маскве непаўналетніх дзяўчат для сэксуальнай эксплюатацыі.

Сьледзтва кваліфікавала ўчыненыя Ільіным сумесна з А. Б. і Гулідавым злачынствы ў дачыненьні да малалетніх і непаўналетніх паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 182 («Выкраданьне чалавека, зьдзейсьненае ў дачыненьні да заведама непаўналетняй асобы, арганізаванае групай, што суправаджалася пакутамі і катаваньнем»);
  • арт. 166 («Згвалтаваньне заведама непаўналетніх»);
  • арт. 154 («Катаваньне заведама непаўналетніх»);
  • 167 («Зьдзяйсьненьне дзеяньняў сэксуальнага характару насуперак волі пацярпелай асобы, пасьля зьдзяйсьненьня згвалтаваньня, групай асобаў, з ужываньнем гвалту, паўторна, у дачыненьні да заведама малалетняй асобы»);
  • арт. 168 («Полавыя зносіны і дзеяньні сэксуальнага характару з асобамі, якія заведама не дасягнулі 16-гадовага ўзросту»);
  • арт. 171 («Выкарыстаньне занятку прастытуцыяй заведама непаўналетняга, спалучанае з вывазам за межы дзяржавы для занятку прастытуцыяй, зьдзейсьненае арганізаванай групай»);
  • арт. 172 («Уцягваньне заведама непаўналетняга ў зьдзяйсьненьне злачынства шляхам абяцаньняў, падману, дамоўленасьцяў, з ужываньнем гвалту і з пагрозай яго ўжываньня, зьвязанае з уцягваньнем непаўналетняга ў арганізаваную групу, у зьдзяйсьненьне цяжкага і асабліва цяжкага злачынстваў»);
  • арт. 173 («Уцягваньне непаўналетняга ў антыграмадзкія паводзіны»).

Як паведамляе Альянс расьсьледнікаў Беларусі, прысуд у справе вынесьлі толькі Ільіну і яшчэ двум «стрэлачнікам», якія не займалі высокіх пасад. Навіцкага, Сакалова і Яцука і іншых супрацоўнікаў пракуратуры да крымінальнай адказнасьці не прыцягнулі. Сьледчых не цікавіла, хто ў праваахоўных органах аказваў заступніцтва бандзе Ільіна, хто карыстаўся яго паслугамі, чаму на першапачатковым этапе ігнараваліся заявы малалетніх пацярпелых, хто дапамог Ільіну ўцячы і чаму да 2009 году ён, знаходзячыся ў вышуку, свабодна жыў у Расеі.

Ільіна асудзілі на 17 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, без пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады. Пазьней з абвінавачаньня ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўнасьці выключылі артыкулы 154, 168, 173, агульны тэрмін зьменшылі на год. У 2022 годзе ў шклоўскай папраўчай калёніі №17 Аляксандар Ільін скончыў жыцьцё самагубствам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG