У 2023 годзе, напрыклад, Беларусь увайшла ў топ-5 самых гамафобных краін Эўропы.
17 траўня па ўсім сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, біфобіяй і трансфобіяй. У Беларусі, на жаль, з гэтай барацьбой усё складана. Хоць, у адрозьненьне ад суседняй Расеі, у нас няма так званага «закона пра гей-прапаганду», дыскрымінацыі дужа шмат.
Забарона на афармленьне аднаполага партнэрства ці шлюбу не дазваляе парам карыстацца цэлым шэрагаў правоў і ставіць іх у больш уразьлівае становішча ў параўнаньні з гетэрасэксуальнымі людзьмі. А перадузятае стаўленьне на ўзроўні асабістых стасункаў дадае перашкодаў у паўсядзённым жыцьці — аднаполым парам часта даводзіцца хлусіць пра свае стасункі, каб зьняць жытло, прадстаўляцца сёстрамі ці братамі ў дзіцячым садку, школе і паліклініцы.
Дасьледаваньне, прысьвечанае беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці ў 2022 годзе, паказала, што выраз «Гомасэксуалізм зьяўляецца асабліва агіднай формай злачынства і мусіць жорстка карацца» адносіцца да выказваньняў з самым высокім узроўнем згоды. На жаль, гэта паказвае, што гамафобія на дзяржаўным узроўні так ці інакш адпавядае распаўсюджаным у грамадзтве поглядам. І калі мы хочам, каб у будучыні Беларусь была сапраўды вольнай краінай, яна мусіць быць вольнай для ўсіх, а ня толькі для гетэрасэксуальных людзей.
Гамафобія як частка дзяржаўнай палітыкі мусіць застацца ў мінулым — і хамскія выказваньні чыноўнікаў (чаго варты адзін толькі выступ былога міністра Шуневіча, які назваў геяў «дзіравымі»), і выкарыстоўваньне сэксуальнай арыентацыі для прыніжэньня і нібыта дыскрэдытацыі ў так званых «пакаяльных» відэа і ў публікацыях у праўладных тэлеграм-каналах). Злачынствы на глебе гамафобіі таксама мусяць больш не паўтарацца.
Каб Беларусь перастала быць гамафобнай, нам трэба будзе зрабіць шмат працы — прызнаць старыя памылкі, распрацаваць новыя законы, зьмяніць адукацыйную сыстэму і ўвогуле доўга і ўпарта займацца асьветніцтвам і абаронай правоў. Але найперш нам трэба — ужо цяпер — прызнаць, што гэтая праблема вартая ўвагі. Што гэта не драбніца і не «асабістая справа кожнага чалавека». Што гэта наш агульны беларускі боль — боль грамадзтва, якое так доўга было і пакуль яшчэ застаецца нецярпімым, нягледзячы на стары міт пра талерантнасьць беларусаў.
Калі мы гэтага ня зробім, у нас проста будзе новы лукашызм з падзелам людзей на правільных і няправільных, вартых правоў чалавека і не. І як бы патасна гэта ні гучала, але не для таго беларусы і беларускі выходзілі на пратэсты і пакутуюць ад рэпрэсій, каб новая Беларусь была такім жа жахлівым месцам для жыцьця.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.