Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міграцыйны камітэт ПАРЭ падрыхтаваў рэкамэндацыі па спрашчэньні легалізацыі за мяжой беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсіяў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па міграцыі, уцекачах і перамешчаных асобах заклікаў дзяржавы зрабіць «юрыдычныя і практычныя крокі» для прыняцьця беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць сваю краіну праз рэпрэсіі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, піша BPN.

«У аднагалосна ўхваленым праекце рэзалюцыі, заснаваным на дакладзе Пола Галеса (Люксэмбург), камітэт заявіў, што „беларускі народ — гэта ня тое ж самае, што рэжым Лукашэнкі“, і да яго ня трэба ставіцца дыскрымінацыйным чынам праз удзел рэжыму ў вайне супраць Украіны », — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ПАРЭ.

Адзначаецца, што «большасьць беларусаў у выгнаньні жадаюць толькі аднаго — вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь», але пакуль гэта ня здарылася, уладам іншых дзяржаў трэба «зрабіць усё магчымае», каб беларусы маглі заставацца ў прымаючых краінах «на законных падставах» і ў «дастойных умовах».

Парлямэнтары «віталі намаганьні Літвы і Польшчы па пошуку прававых і практычных рашэньняў, якія даюць магчымасьць зрабіць беларусаў у выгнаньні больш жаданымі гасьцямі», але падкрэсьлілі, што «можна зрабіць больш», і заклікалі да «нестандартных рашэньняў».

«Камітэт падрыхтаваў шэраг практычных рэкамэндацый па спрашчэньні легальнага ўезду і знаходжаньня [беларусаў] па-за межамі Беларусі, паездак па ЭЗ для „выгнаньнікаў“ і іх сем’яў, а таксама крокі па забесьпячэньні іх абароны ад рэпрэсій, магчымасьці доступу да сваіх банкаўскіх рахункаў і вядзеньня бізнэсу», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Дзяржавы і парлямэнты мусяць падтрымліваць дэмакратычныя сілы [Беларусі] у выгнаньні, грамадзянскую супольнасьць і адвакатаў, заахвочваць беларускую адукацыю і культуру рознымі спосабамі», — лічаць чальцы міграцыйнага камітэта ПАРЭ.

Чакаецца, што адпаведны даклад будзе вынесены на абмеркаваньне ПАРЭ ў чэрвені.

Паводле ацэнак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ад 200 000 да 500 000 беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну праз палітычныя рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG