Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні ўзрост 25-35 гадоў, прафэсія — праграміст ці мэханік. Хто і чаму працягвае далучацца да палка Каліноўскага


Сымболіка Беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага
Сымболіка Беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага

Больш за год ідзе вайна ва Ўкраіне. У баявых дзеяньнях прымаюць удзел і беларусы. Нават цяпер да палку Каліноўскага далучаюцца навічкі. Якая ў іх матывацыя? Свабода спыталася ў двух добраахвотнікаў.

«Да 2020 году я быў апалітычным, пасьля — як большасьць»

Арцёму (імя зьмененае з меркаваньняў бясьпекі — РС) трохі за 20 гадоў. Нядаўна хлопец прыехаў ва Ўкраіну, каб далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага. Арцём кажа, што да 2020 году быў «апалітычным», пасьля ж, «як і большасьць, стаў палітычным».

«Але не радыкальным: браў удзел у Менску толькі ў мірных акцыях. Пасьля давялося пераехаць у Польшчу. Там нармальна жыў, працаваў праграмістам», — кажа суразмоўца.

У Польшчы ён вырашыў узяць удзел у вайсковай падрыхтоўцы, якую арганізаваў ByPol, аб’яднаньне былых сілавікоў. Арцём кажа, што ня думаў ехаць ва Ўкраіну, ды і мэтаў такіх перад хлопцамі ніхто не ставіў.

«Але пасьля вырашыў. Падумаў, што гэта будзе правільна, што гэта цяпер найлепшае месца, дзе можна нешта рабіць. Бо тут рэальная падрыхтоўка, дзе людзей рыхтуюць да сапраўднай вайны», — кажа ён.

«Для мяне гэта скончыцца, калі я буду піць каву ў цэнтры Менску»

Арцём згадвае, што няблага зарабляў у IT-сфэры, але вырашыў ахвяраваць сваім дабрабытам.

«Тут, ва Ўкраіне, пачаў заўважаць, што забываюся на некаторыя навыкі праграмаваньня, мне будзе цяжка, калі я вярнуся. Але цяпер такі час, што мы мусім нечым ахвяраваць», — кажа беларус.

У палку, як ён кажа, сустрэў людзей рознага ўзросту і прафэсій — ад 18 да 50 гадоў і старэйшых. Арцём дадае, што ўсе трымаюць добрую фізычную форму і ўсіх аб’яднала матывацыя.

«Я для сябе вырашыў заставацца тут да нашай агульнай мэты — вызваленьня Беларусі. Для мяне асабіста гэта ўсё скончыцца, калі я буду сядзець у кавярні ў цэнтры Менску і піць каву са сваімі пабрацімамі. Тады я пачну думаць: „Што далей, якую сфэру працы выбраць?“. Варыянтаў у мяне шмат, бо я валодаю замежнымі мовамі, магу пайсьці ў вайсковую сфэру. Але гэтыя ўсе думкі я адклаў на потым», — разважае суразмоўца.

«Прачытаў Караткевіча і пачаў Бахарэвіча»

Арцём да таго, як трапіў у полк, размаўляў на расейскай мове. Кажа, што былі спробы перайсьці на беларускую, ды няўдалыя. «Але цяпер я дзякуючы чалавеку, які жыве поруч, цалкам перайшоў на беларускую мову. Бо той чалавек ужо восем гадоў размаўляе на беларускай і „заразіў“ мяне. Я спадзяюся, што я таксама буду такім „вірусам“, ад якога заразяцца іншыя людзі», — гаворыць суразмоўца.

Ён дадаў, што пачаў шмат чытаць па-беларуску. Асабліва спадабаўся Ўладзімер Караткевіч. Пасьля добраахвотнік перайшоў да сучаснай літаратуры і цяпер чытае «Сабак Эўропы» Альгерда Бахарэвіча.

«У палку шмат розных цікавых, дасьведчаных людзей. Я сам інтравэрт, тут жа пачаў шмат размаўляць зь іншымі, што карысна для мяне, майго разьвіцьця», — кажа Арцём.

Цяпер ён праходзіць падрыхтоўку для кіраваньня дронамі і плянуе браць удзел у баявых дзеяньнях.

«Нічога не дарма, мы мусім працягнуць барацьбу»

Сяргею (імя зьмененае. — РС) амаль 50 гадоў. У Беларусі ён зазнаў перасьлед ад улады, адбыў тэрмін паводле «палітычнага» артыкулу. Пасьля новага вітка ціску з боку сілавікоў Сяргей вырашыў паехаць жыць у Польшчу. Там да яго прыйшла думка далучыцца да палку Каліноўскага.

«Гэта не было спантанна, эмацыйна. Я шмат думаў і разважаў. Мне трапіла на вочы абвестка палка, што ім патрэбен добры кіроўца і мэханік. Гэта акурат мая спэцыяльнасьць. Я вырашыў ехаць», — кажа беларус.

Ён падкрэсьлівае, што ня можа быць абыякавым, калі яго аднадумцы ўзялі ў рукі зброю.

«Я хрысьціянін і лічу, што мы, хрысьціяне, ня можам маўчаць, калі такая сваволя адбываецца. У палку я ўжо сустрэў шмат людзей. Па маіх назіраньнях, і маладых, і ня надта маладых людзей тут аб’яднала любоў да свабоды», — разважае Сяргей.

Ён дадаў, што мае такі характар, што ня можа прамаўчаць, сядзець спакойна.

«Ну ня мог я проста чытаць навіны пра вайну. Першая думка (і другая наўздагон) — ехаць сюды, хоць нечым дапамагчы людзям супрацьстаяць агрэсару. Я не лічу, што наша шчасьце вызначаецца дабрабытам. Для мяне шчасьце — гэта стан душы і сумленьня, калі сумленьне чыстае. Спакойнае жыцьцё не для мяне. Тое, што мы змагаліся за свабоду ў Беларусі, што нашы сябры цяпер у турме, ня можа быць дарма. Мы мусім працягваць. Цяпер, пакуль, такім вось чынам, ва Ўкраіне», — кажа Сяргей.

«Цяпер далучаюцца людзі з узважанымі рашэньнямі»

У прэсавай службе палку Кастуся Каліноўскага Свабодзе паведамілі, што цяпер да беларускага згуртаваньня далучаецца менш людзей, чым у першыя месяцы поўнамаштабнай вайны. Частка людзей, якія далучаліся тады, прымалі такія рашэньні на эмоцыях, прызнаюць у палку.

«Некаторыя зразумелі, што вайна не для іх. Іншым спатрэбіўся час, каб прыняць узважанае рашэньне», — кажуць у прэсавай службе.

Там таксама зазначылі, што сярэдні ўзрост у палку — 25-35 гадоў, але ёсьць людзі, якім і 18, і 60 гадоў.

«Што тычыцца прафэсій, то ёсьць у нас і праграмісты, і юрысты, і мэханікі, і прадстаўнікі творчых прафэсій», — кажуць у прэсавай службе.

Праверкі навічкоў пачынаюцца з заяўкі аб далучэньні да адзінкі. Іх правяраюць «Кібэрпартызаны». Затым праходзіць дыстанцыйная гутарка, потым — гутарка ўжо ў Кіеве. Далей навабранцаў правярае ўкраінскі бок.

«Сытуацыя ў параўнаньні зь мінулым годам зьмянілася. Тэрміны афармленьня дакумэнтаў сталі цяпер займаць больш часу. Цяпер усе ўспомнілі аб правілах і бюракратыі. Таму праверкі могуць займаць ад месяца да двух, часам і больш. Выбарачна правяраюць і на паліграфе», — паведамілі ў прэсавай службе.

Сымболіка Беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага
Сымболіка Беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага

Патэнцыйных добраахвотнікаў правяраюць па розных кірунках, у тым ліку зь імі размаўляе псыхоляг.

«Бо ёсьць людзі, якія, напрыклад, ня могуць працаваць у камандзе, маюць нейкія псыхалягічныя асаблівасьці. Гэта можа ствараць рызыку для іншых, бо гаворка ідзе пра бясьпеку, жыцьцё і сьмерць», — удакладнілі ў прэсавай службе.

Агульная падрыхтоўка навічкоў займае месяц. Далей ідзе паглыбленая падрыхтоўка па спэцыяльнасьцях — сапэра, мінамётчыка, мэдыка, апэратара дрона і так далей.

«Нам цяпер патрэбны кіроўцы, мэханікі, сувязісты, спрактыкаваныя мэдыкі. Але агулам нам патрэбны ўсе, хто хоча дапамагаць, мае матывацыю. Навучыць мы можам многаму», — дадаюць у палку Каліноўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG