Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдавец Янушкевіч: «Рэжым Лукашэнкі прымае беларускую культуру толькі ў фальклёрна-савецкіх фарбах»


Андрэй Янушкевіч
Андрэй Янушкевіч

Дамінаваньне расейскіх выдаўцоў на беларускім кніжным рынку зьяўляецца важнейшым нэгатыўным фактарам, чым шчыльны кантроль за ім з боку дзяржавы, лічыць выдавец.

Беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч на сустрэчы «Беларускія выдаўцы ў часы пагрому», арганізаванай Польскім ПЭН-клюбам 15 траўня ў Варшаве, выказаў сваю думку пра цяперашні час у культуры Беларусі.

«Сытуацыя на кніжным рынку Беларусі — вельмі добрае люстэрка, у якім відаць, што нават нейкай там акупацыі не патрэбна — усё ўжо вырашана. Таму што больш за 80% кніг ідзе з Расеі, зразумела, на расейскай мове», — цытуе Янушкевіча BPN.

Паводле яго, у найлепшыя гады запатрабаванай беларускай літаратурай адначасова было занята каля 10 выдавецтваў, беларуская кніга займала 15% рынку з улікам прадукцыі прыватных і дзяржаўных выдавецтваў.

Летась, сказаў Янушкевіч, «рэжым Лукашэнкі пачаў татальную зачыстку» сфэры, бо ўспрымае жывую беларускую культуру як «натуральнага ворага» і прымае ўсё толькі ў «фальклёрна-савецкіх фарбах».

Цяпер, як зьвярнуў увагу Янушкевіч, кнігі, якія выйшлі ў прыватных выдавецтвах, забіраюць зь бібліятэк і дзяржаўных крамаў.

«Я, напрыклад, яшчэ год таму жыў у такой ілюзіі, што нічога са мной ня зробяць, бо ну як яны могуць зьліквідаваць выдавецтва, якое ніколі не было ў палітыцы, выдае „Гары Потэра“? Грамадзкая думка будзе супраць. А аказалася, што нашай дзяржаве гэта абсалютна абыякава», — заявіў кнігавыдавец.

Выдавецтва «Янушкевіч» сёлета ў студзені ў судовым парадку пазбавілі ліцэнзіі ў краіне.

Ціск на выдавецтва «Янушкевіч»

  • 22 сакавіка 2022 году «ў сувязі з вострай неабходнасьцю» арандадаўца папрасіў выдавецтва «Янушкевіч», якое працавала з 2014 году, вызваліць офіс цягам 3 дзён.
  • 16 траўня выдавецтва адкрыла новую кнігарню «Кнігаўка», куды ў той дзень раней наведаліся праўладныя прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая і абурыліся гістарычнымі кнігамі і літаратурай на беларускай мове.
  • Усьлед за імі прыйшлі сілавікі зь ператрусам. У краме канфіскавалі сотні кніг, сілавікі зьбіраліся праверыць іх на наяўнасьць экстрэмісцкіх матэрыялаў.
  • Адбыўся ператрус і закрыцьцё крамы. Канфіскавалі 200 кніг, 15 найменьняў адправілі на экспэртызу на наяўнасьць у іх «прыкмет экстрэмізму».
  • Дырэктара выдавецтва Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы Насту Карнацкую арыштавалі на 28 і 23 дзён адпаведна.
  • Андрэй Янушкевіч вымушана пакінуў Беларусь. Супрацоўніка выдавецтва Сяргея Макарэвіча затрымалі 4 лістапада 2022 году, толькі ў красавіку 2023 ён выйшаў на волю.
  • 10 студзеня 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі і права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG