Коўшык расказвае пра ініцыятывы і пляны на 2023 год, які яна прапанавала абвясьціць годам беларускай мовы, расказвае, калі сама пачала гаварыць па-беларуску, і тлумачыць, чаму беларуская мова — гэта ня толькі зброя, але і абарона.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты інтэрвію
«Наша краіна пад акупацыяй, у тым ліку пад моўнай акупацыяй»
— Падчас суду нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі і ягоныя паплечнікі па Праваабарончым цэнтры «Вясна» хадайнічалі, каб працэс ішоў па-беларуску. У гэтым ім адмовілі. Наступнае хадайніцтва было, каб быў запрошаны перакладчык на працэс — ізноў адмова. Чаму гэта ня толькі пытаньне мовы?
— Гэта абсалютна не пытаньне толькі мовы. Гэта пытаньне бескампраміснасьці, нязломнасьці і дэманстрацыі сваёй пазыцыі. Алесь Бяляцкі і ягоныя паплечнікі, якіх абсалютна незаконна судзяць лукашэнкаўскія ўлады, празь беларускую мову паказваюць сваю нязгоду з адсутнасьцю права ў Беларусі. І тое, што ўлады ня ў стане задаволіць просьбу весьці справаводзтва і суд па-беларуску, на адной зь дзяржаўных моваў, — паказьнік таго, што сёньня наша краіна пад акупацыяй, у тым ліку пад моўнай акупацыяй.
Я хачу выказаць шчырае захапленьне «вясноўцамі», людзьмі, дзякуючы якім мы сапраўды верым, што вясна прыйдзе. Бо калі Беларусь мае такіх сумленных людзей, такіх волатаў, якія так настойліва адстойваюць свае прынцыповыя пазыцыі, за якія яны змагаюцца ўсё жыцьцё, — гэта значыць, што ў нас ёсьць магчымасьць для перамогі, і мы, людзі, якія на волі, не павінны здавацца.
«Сёньня мова — наша зброя»
— Аліна, вы прапанавалі абвясьціць 2023-ці годам беларускай мовы. Я хацела б пачаць нашу размову крыху здалёк, зь Дзядоў 2013 году, калі на мітынгу адзін з кіраўнікоў КХП БНФ Юрась Беленькі заявіў наступнае: «Палітыка зьнішчэньня, якую праводзіць супраць нас расейская імпэрыя, не спынілася. Сёньня гэта русыфікацыя, пазбаўленьне нас гістарычнай памяці, пазбаўленьне нас нашай нацыянальнай культуры. Сёньня гэта водападзел змаганьня нас, беларусаў, за выжываньне супраць акупантаў. Я зьвяртаюся да кожнага чалавека тут, асабліва да моладзі. Памятайма: калі ты гаворыш па-расейску, ты ў войску акупанта і страляеш у свой народ». Тады гэта выклікала вялікую рэакцыю, і ня ўсе пагадзіліся са спадаром Беленькім. Як бы вы пракамэнтавалі гэты заклік цяпер?
— Гэтая заява вельмі моцная. Калі мы глядзім на яе з пункту гледжаньня сёньняшняга дня, калі расейскае слова фактычна перарасло ў зброю, зь якой сапраўды страляюць ва ўкраінцаў — дарэчы, і ў беларусаў, якія змагаюцца на баку ўкраінцаў. Мы бачым, што расейская імпэрыя не спыняецца толькі на слове, справа ідзе аб поўным заняволеньні, зьнішчэньні ўкраінскай нацыі і беларускай нацыі. Таму я не пабаюся гэтага слова.
Ва Ўкраіне ідзе вайна, а ў Беларусі ідзе акупацыя. Мы бачым, як Крэмль не спыняецца ў сваім жаданьні мець гэтыя землі для сябе. Але мы, грамадзяне гэтых краін, паказваем сваю нязгоду з тым, каб хтосьці іншы вырашаў наш лёс. Наш лёс залежыць ад нас, беларусы паказалі гэта ў 2020 годзе. І беларусы не перастаюць змагацца.
Тое, што сказаў Юрась Беленькі ў 2013 годзе, насамрэч казалі нашы волаты беларускай думкі нашмат раней. Нават у 16 стагодзьдзі, калі Леў Сапега казаў пра тое, што не чужой мовай, а ўласнай законы пісаныя маем і на любую крыўду адпор сваімі законамі дадзім. Важнасьць роднай мовы разумелася нашымі мысьлярамі ад самага пачатку. Гэта значыць, што сёньня мова — наша зброя, яна паказвае нашу адрознасьць, самабытнасьць, каштоўнасьць усёй нашай гісторыі, таго, што наступнае пакаленьне павінна застацца беларусамі, а не расейцамі, як стараецца зрабіць гэта Крэмль.
— Як бы вы ў 2023 годзе перафразавалі знакамітыя словы расейскай імпэратрыцы Кацярыны, якая казала: «Чаго не зрабіў расейскі штык, даробяць расейскі поп, расейскі чыноўнік і расейская школа»? Які складнік вы б дадалі, прыбралі, ці нічога не мянялі б?
— Гэтая формула досыць доўга і сэнсоўна працавала на службе расейскай імпэрыі. Сёньня я б да гэтай фразы дадала і расейскае тэлебачаньне, якое зьяўляецца машынай прапаганды, зьменай сьвядомасьці людзей. Мы бачым, як украінцы з гэтым змагаліся, адключаючы расейскія тэлеканалы. У Беларусі, на жаль, расейскае тэлебачаньне дасяжнае. І больш за тое, беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне таксама выконвае функцыі расейскай прапаганды. Трошкі зьмяняюць наратывы, але ў асноўным яны вельмі падобныя.
У 21 стагодзьдзі інфармацыйная зброя, інфармацыйная вайна адыгрывае ня меншую ролю, чым сапраўдная зброя, чым тыя самыя расейскія чыноўнікі, і нават большую, чым расейская праваслаўная царква.