Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці даляціць Лукашэнка на саміт у Нью-Ёрк і навошта яго запрасіла ААН? Меркаваньні Паўла Латушкі і Крысьціны Рыхтэр


Павал Латушка, Крысьціна Рыхтэр, саміт ААН, Лукашэнка, каляж.
Павал Латушка, Крысьціна Рыхтэр, саміт ААН, Лукашэнка, каляж.

Чаму ААН запрасіла Лукашэнку на саміт, на што ўплывае гэтая міжнародная арганізацыя? Сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка, дарадца Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр абмяркоўваюць гэта, а таксама заяву прадстаўніцы ААН аб дасягненьнях Беларусі ва ўстойлівым разьвіцьці.

Што адбылося

Прэсавая служба Лукашэнкі пацьвердзіла атрыманьне запрашэньня генэральнага сакратара ААН на саміт па мэтах устойлівага разьвіцьця ў верасьні 2023 году ў Нью-Ёрку. Раней рэгіянальная дырэктарка па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Упраўленьня ААН па каардынацыі дзейнасьці ў мэтах разьвіцьця Гві Ёп Сон, як заявілі дзяржаўныя СМІ, была ўражаная посьпехамі Беларусі ў дасягненьні мэтаў устойлівага разьвіцьця: «выдатны прыклад таго, як можа працаваць краіна. Я лічу, што гэты вопыт можна выкарыстоўваць у якасьці перадавога сярод іншых краін Эўропы».

Глядзіце дыскусію на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

«На трыбуне ААН выступалі такія вядомыя дыктатары, як Муамар Кадафі, Уга Чавэс і Фідэль Кастра»

Сябра Аб’яднанага Пераходнага кабінэту Павал Латушка, які заклікаў адклікаць запрашэньне Лукашэнку на саміт ААН:

  • Усе краіны, якія зьяўляюцца сябрамі ААН, атрымоўваюць такія запрашэньні, іх асабіста не падпісвае Генэральны сакратар ААН, там ставіцца факсыміле, і гэта рассылаецца электроннай поштай, і я не аднойчы быў сьведкам гэтага, калі працаваў і міністрам, і амбасадарам.
  • Прапаганда і рэжым будуць выкарыстоўваць гэты факт — «глядзіце, нас прызнаюць у сьвеце». Дэмакратычныя сілы будуць настойваць, каб ААН адклікала гэтае запрашэньне. Мы павінны расказаць праўду, што адбываецца з так званым устойлівым разьвіцьцём у Беларусі.
  • Што раней заяўляла прадстаўніца ААН Гві Ёп Сон? Мы знайшлі цытату ад 16 верасьня 2022 году, калі яна наведала Туркмэністан, вядомую краіну з пункту гледжаньня стандартаў дэмакратыі і правоў чалавека. Пасьля сустрэчы зь міністрам замежных спраў яна заявіла, што «бакі абмяняліся думкамі аб прагрэсе ў дасягненьні мэтаў устойлівага разьвіцьця ў рамках рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва ААН у галіне ўстойлівага разьвіцьця да 2025 году». Прагрэс, якім ідзе Туркмэністан...
  • На трыбуне ААН выступаў і Муамар Кадафі, які быў прызнаны ваенным злачынцам, і Уга Чавэс, і Фідэль Кастра, выступалі вельмі вядомыя дыктатары. На жаль, ААН як інстытут, які павінен даць магчымасьць выказацца ўсім, пераходзіць у такую стадыю, калі фактычна не зьвяртае ўвагі на тое, што адбываецца ў краінах, а права выказацца прэвалюе.
  • Я згодны зь Зяленскім, які казаў, што навошта нам Арганізацыя Аб’яднаных нацый, якая ня можа спыніць вайну, дзе ў Радзе бясьпекі старшынюе Расея, якая зьяўляецца агрэсарам у вайне.
  • У Радзе па правах чалавека ААН разумеюць сытуацыю ў Беларусі. Вярхоўны камісар па правах чалавека зрабіла справаздачу па Беларусі і пацьвердзіла, што ў Беларусі зьдзяйсьняюцца злачынствы супраць чалавечнасьці. Чаму правая рука кажа адно рабіць, а левая не заўважае першапрычыны таго, што адбываецца ў Беларусі?
  • Мы павінны пастарацца, каб і другі самалёт Лукашэнкі трапіў пад санкцыі, так што яму прыйдзецца тады ляцець расейскім бортам альбо рэгулярным рэйсам. Статут ААН, пагадненьне з урадам ЗША прадугледжвае, што візы выдаюцца на міжнародныя мерапрыемствы. Але могуць спазьніцца дакумэнты, можа, няправільна аформленыя анкеты. Лукашэнка пад санкцыямі ЗША і шмат якіх краінаў сьвету. Пытаньне, ці атрымае ён ордэр на арышт у сувязі з ваеннымі злачынствамі? Ці да таго часу будзе вырашанае пытаньне аб стварэньні міжнароднага трыбуналу за агрэсію, дзе ў мандаце будзе прапісанае пытаньне адказнасьці рэжыму Лукашэнкі за агрэсію?

«ААН — менавіта тая структура, якая так ці інакш будзе спрабаваць камунікаваць з дыктатарам»

Крысьціна Рыхтэр, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях, якая летась рыхтавала справаздачу «Грамадзянскі агляд рэалізацыі мэт устойлівага разьвіцьця ў Беларусі»:

  • Кожны год адбываюцца рэгіянальныя форумы мэтаў устойлівага разьвіцьця, ёсьць адпаведны форум высокага ўзроўню, які адбываецца ўлетку ў Нью-Ёрку, а таксама ёсьць саміт мэтаў устойлівага разьвіцьця. Летась афіцыйная Беларусь справаздачылася аб сваім прагрэсе ў дасягненьні мэтаў устойлівага разьвіцьця, і мы пад гэтую падзею рыхтавалі свой альтэрнатыўны агляд, дзе далі наш пункт гледжаньня на тое, як дасягаюцца мэты.
  • Мэты ўстойлівага разьвіцьця маюць свае індыкатары і паказчыкі. На пляцоўцы ААН даўно іх крытыкавалі, бо яны не заўжды паказваюць рэальны прагрэс і рэальнае становішча ў краіне. Напрыклад, Беларусь даўно была ў топе краінаў, якія дасягаюць мэты, яна ўваходзіла ў трыццатку краінаў са 165 краінаў, якія спрычыніліся да мэтаў устойлівага разьвіцьця.
  • Калі мы прадстаўлялі альтэрнатыўны даклад, казалі пра тое, што рэжым справаздачыцца лічбамі. Напрыклад, гендэрная роўнасьць. Згодна зь лічбамі Белстату, у нас пэўная колькасьць жанчын у парлямэнце, ці 100% насельніцтва мае доступ да адукацыі. Але якасных паказчыкаў наўмысна не паказваюць.
  • Складана не пагадзіцца, што ў Беларусі вялікая колькасьць жанчын у парлямэнце, што ёсьць доступ да адукацыі, але ж зь якаснага пункту гледжаньня важна разумець, якія пасады займаюць жанчыны, якая ў іх улада, якой якасьці адукацыя, чаму ўведзеныя пасады па «патрыятычным» выхаваньні. Гэта сьведчыць пра тое, што зь якаснага пункту гледжаньня ніякага прагрэсу няма.
  • Нам трэба яшчэ раз нагадаць пра нашу справаздачу. Сапраўды, памяць міжнароднай супольнасьці вельмі кароткая. ААН — пляцоўка дзяржаваў. І ў гэтым запрашэньні ня нейкая легітымацыя Лукашэнкі, але для такой бюракратычнай структуры, як ААН, стасаваньне з асобай, якая трымае эфэктыўны кантроль над тэрыторыяй, таксама патрэбнае. ААН — менавіта тая структура, якая так ці інакш будзе спрабаваць камунікаваць з дыктатарам.
  • ААН — вельмі кансэрватыўная структура, у якую складана ўпісацца такім спэцыфічным суб’ектам, як усе дэмакратычныя сілы Беларусі. На розным узроўні мы стасуемся з рознымі дэпартамэнтамі, агенцыямі ААН, камунікуем з ЮНІСЭФам, маем кантакты з Камітэтам па правах чалавека, упраўленьнем Вярхоўнага камісара па правах чалавека, са спэцдакладчыкам па Беларусі. Гэта ўсё часткі ААН.
  • Але трэба разумець, што ААН — дзяржаўная пляцоўка, і яна вельмі закарэлая. Заўсёды ёсьць шмат крытыкі да ААН, ідзе шмат размоваў пра рэфармаваньне ААН. Можа, такія выпадкі як Беларусь, калі зьяўляюцца розныя субʼекты, калі дэмакратычныя сілы намагаюцца падмяняць сабой дыктатарскі рэжым, — можа, гэта вялікі выклік для ААН і ўсёй міжнароднай супольнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG