«Рабіў уражаньне сваім нездаровым выглядам прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, і стала раптам востра шкада гэтага чалавека сталага веку, які сабраўся ў апошні момант у Маскву. Яму цяпер было зусім, здаецца, нядобра, і крый божа, спатрэбіліся б насілкі з рэанімацыйным інструмэнтам, які завезьлі да куту ГУМа перад самым пачаткам мерапрыемства. (І мусіць, гэта былі не адны такія насілкі... На кожным куце...)», — піша журналіст «Коммерсанта» Андрэй Калесьнікаў.
Далей Калесьнікаў апісвае інцыдэнт з Лукашэнкам, які ня змог прайсьці да магілы Нявядомага салдата.
«Лукашэнка нешта тлумачыў Уладзіміру Пуціну. Як высьветлілася — чаму ён ня пойдзе разам з усімі. Аляксандру Лукашэнку і праўда было вельмі нядобра. Але ён стараўся. Ён хацеў быць ля магілы Невядомага салдата. У рэшце рэшт яму далі электракар, прызначаны для перавозкі вэтэранаў і гэты электракар з прэзыдэнтам Беларусі рухаўся за шэрагам прэзыдэнтаў, якія ішлі вельмі не сьпяшаючыся...
Трэба сказаць, што на працоўным сьняданку, а прасьцей кажучы, за абедам, які зладзіў для калегаў Уладзімір Пуцін, Аляксандра Лукашэнкі ўжо не было. Тут ужо ён адпрасіўся» — напісаў журналіст «Коммерсанта».
- Сёньня Аляксандар Лукашэнка пабываў на парадзе ў гонар 9 траўня ў Маскве. Ягоны выгляд, як адзначалі палітычныя аналітыкі, быў надзвычай сумны. У кулюарах пачалі гаварыць, што Лукашэнка прыляцеў у Маскву хворым: пра хваробу сьведчыў ягоны сіплы голас у час апошніх публічных выступаў.
- Пасьля завяршэньня скарочанай часткі вайсковага параду на Краснай плошчы кіраўнікі краін пешкі адправіліся ў Аляксандраўскі сад, дзе знаходзіцца магіла Невядомага салдата. Да саду адтуль 850 мэтраў, але Лукашэнка не пайшоў туды пешкі разам з усімі. Таксама СМІ заўважылі, што ў Лукашэнкі была перабінтаваная правая рука. Прычына невядомая, як і падрабязнасьці пра стан ягонага здароўя.
- Па прыезьдзе ў Менск Лукашэнка наведаў урачыстую цырымонію ўскладаньня кветак і вянкоў да манумэнта Перамогі, але ўпершыню за ўсе гады ва ўладзе ня выступіў з прамовай на Дзень Перамогі: замест яго выступіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.