Пагаварылі з валянтэрам штаба Віктара Бабарыкі Лявонам Халатранам, які амаль год таму выйшаў з «хіміі», а цяпер жыве ў Польшчы. Ён расказаў, колькі каштавала адкрыць бар у цэнтры Варшавы, чаму ён пляце, але ня носіць чокеры і як дазваляе сабе піць антыдэпрэсанты і плакаць.
Лявону Халатрану 37 гадоў. Мае эканамічную адукацыю. Кіраваў барамі «ДК» і Ruin Bar Ok16 у Менску. Быў валянтэрам штабу Віктара Бабарыкі ў 2020 годзе. Халатрана затрымалі праз тры дні пасьля выбараў за «ўдзел у пратэстах». Агулам у СІЗА і на «хіміі» ён правёў амаль паўтара года. Потым паўгода заставаўся ў Беларусі. Калі сілавікі ўзмацнілі на яго ціск, паехаў у Варшаву.
Бар у Варшаве: «Твой бізнэс не закрыюць на ўзмах чыёйсьці рукі»
Лявон разам з партнэрамі адкрылі ў цэнтры Варшавы бар BackDoor. Яны мелі аднайменны бар у Менску, які прадалі. На адкрыцьцё пайшло 50 тысяч даляраў і тры месяцы, кажа Лявон.
«У Варшаве ўсё даражэй, бо ўзровень жыцьця вышэйшы, цэны вышэйшыя. Няма напрацаваных схем, бартэраў, падрадчыкаў. Але тут ёсьць галоўная перавага, якая перакрывае любую лёгкасьць адкрыцьця бізнэсу ў Беларусі: ты ведаеш, што твой бізнэс ня прыйдуць і не закрыюць на ўзмах рукі. У Беларусі ты можаш страціць усё за адзін дзень, за сэкунду».
Пасьля «хіміі» Лявон доўгі час адчуваў сябе кепска і шукаў наноў «сваё месца» ў сьвеце. Пачатак новай справы прыдаў яму сілаў і сэнсаў.
«Калі працуеш у камандзе з аднадумцамі — гэта самае крутое, што можна прыдумаць. Мне гэта больш за ўсё дае энэргію для жыцьця. Ужо калі мы пачалі рабіць рамонт, я адразу адчуў сябе ў разы лепш, бо ты заняты справай, побач сябры, увага».
Бар адкрылі беларусы, працуюць у ім таксама беларусы. Заснавальнікі хацелі б інтэграваць месца ў польскую прастору. Абяцаюць праводзіць акустычныя канцэрты.
«Мы хацелі б, каб гэта было спакойнае, бясьпечнае месца з фонавай музыкай, якая не перашкаджае размаўляць, дзе можна паесьці, выпіць, пагаварыць».
Пра алькаголь: «Ніякіх запояў»
Лявон кажа, што пасьля «хіміі» не пачаў піць «па-чорнаму». У канцы мінулага году ён пачаў прымаць антыдэпрэсанты, пры якіх забаронены алькаголь.
«Я выпіваю часам, але ніякіх запояў. Калі ў цябе псыхалягічныя праблемы і ты вып’еш, табе ў моманце нармальна, але на раніцу пачуваесься жахліва. Тое, што алькаголь побач, ня вельмі камфортна. Я люблю часам выпіць келіх віна, і ён тут на адлегласьці выцягнутай рукі. Але навошта табе піць антыдэпрэсанты, калі ты п’еш алькаголь? Ён нівэлюе эфэкт».
Пра чокеры: «Цяпер трэнд на мужчынскую пяшчоту»
Празь некалькі месяцаў пасьля выхаду з «хіміі» Лявон пачаў плесьці ўпрыгажэньні зь бісэру на шыю, так званыя чокеры. Сам сабраў свой першы станок для бісэрапляценьня. Дадае на іх надпісы беларускай лацінкай або кірыліцай: «Бацькаўшчына», «Тэхна» і інш. Чокер «Крынж» зрабіў у чырвона-зялёных колерах, бо «ўсё, што пад імі адбываецца — маштабны крынж, ад якога мы ўсе пацярпелі». У такой жа афарбоўцы чокер «БЧБ» — гэта для «камісіі па вяртаньні эмігрантаў», тлумачыць ён.
«Трэнд на бісэр пачаўся досыць даўно. Я ўбачыў у жонкі. Калі нешта робіш і бачыш хуткі вынік, то адчуваеш сябе лепш. Мае чокеры людзям спадабалася. Мне сталі гаварыць словы ўхваленьня. Гэта вельмі клясна ў пляне дафаміну».
Пакуль Лявон зрабіў некалькі ўпрыгажэньняў. Выраб кожнага займае 3-4 гадзіны. Дорыць іх сябрам. Рабіць на продаж не стае часу. На дзень нараджэньня дызайнэрцы Караліне Паляковай, вядомай сьвітшотамі з надпісамі «Бессмертен», Лявон сплёў чокер са словам «Niesmiarotna». Імяніньніцы і гасьцям спадабалася.
«Мне здаецца, гэта проста прыгожа. Многія робяць этнічныя ўзоры на чокерах. Гэта адсылка да гістарычных каранёў. Я толькі адзін такі зрабіў, бо такое шмат хто робіць».
Сам Лявон чокераў пакуль ня носіць.
«Але я думаў пра гэта. Шмат хлопцаў пісалі, што хочуць насіць. Я фоткаў чокер на сабе. У гэтым нешта ёсьць. Цяпер трэнд на мужчынскую пяшчоту, мужчынскую мяккую прыгажосьць, як пацеркі ў барадзе. Але ў мяне чокер сядзіць на кадыку і выглядае трыкутнікам».
Пра аднаўленьне пасьля «хіміі»: «Трэба даваць сабе час»
21 траўня споўніцца год, як Лявон выйшаў з «хіміі». Ён кажа, што спачатку было цяжка знайсьці сябе наноў у жыцьці, бо здавалася, што «ўсё зьнішчана да рэшты». Аднак паціху ўсё наладжваецца.
«Проста трэба даваць сабе час. Я нецярплівы чалавек, і мне хацелася адразу. Здавалася, столькі часу прайшло, а ты нічога нармальнага не рабіў. Цяпер трэба хутка-хутка нагнаць. Сьпяшаесься, але вышэй за галаву ня скокнеш. Трэба адпачыць, назапасіць рэсурсы. Псыхатэрапія, антыдэпрэсанты, зьяўляецца справа, разьбіраесься з праблемамі. За год стан палепшыўся шматкроць».
Пра псыхатэрапэўта і антыдэпрэсанты: «Самае частае, што я чуў: „Ты павінен сам даваць рады“»
Першыя дваццаць сэсій у псыхатэрапэўта Лявону аплацілі ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязьням. Ён лічыць гэта значнай падтрымкай.
«Як бы я ні храбрыўся, што вельмі лёгка адбыў „хімію“, не зазнаў супэртраўматычнага досьведу, я думаю, што ў мозгу ўсё адно адбываецца нешта. Гэта складаны мэханізм, ён даволі інэртны. Каб наладзіць гэтыя мэханізмы, трэба шмат часу і працы з сабой».
З канца мінулага году былы палітвязень вырашыў прымаць антыдэпрэсанты. У яго зьявілася падвышаная трывожнасьць пасьля зьняволеньня, а таксама ад напружанай атмасфэры ў Беларусі. Лявон адзначае, што псыхатэрапію многія ў Беларусі ўжо прынялі «як нешта нармальнае». Але да антыдэпрэсантаў, на ягоную думку, застаецца шмат перадузятасьці.
«Самае частае, што я чуў: „Ты павінен сам даваць рады“. Я кажу: „А чаго вы тады наагул нейкія лекі прымаеце?“ Дзіўна, стаўленьне да фізычнага здароўя — „Так, сябе трэба глядзець“, а мэнтальнае, маўляў, само можа палепшыцца. Можа. Але колькі часу гэта зойме? Колькі сілаў трэба? Ці здолееш ты сам гэта зрабіць? „Я сам“ з катарам можа пракаціць, з прастудай, з тэмпэратурай, але некаторыя хваробы безь прэпаратаў ня вылечыш».
Ён глядзіць на псыхатэрапію і антыдэпрэсанты як на часовыя сродкі, быццам на людзей, якія дапамагаюць падштурхнуць аўтамабіль, які сам не заводзіцца.
«Далей ты едзеш сам. Гэта часовая „мыліца“. Шмат існуе страхаў, што ты ніколі зь іх ня зьлезеш, але я ведаю, што людзі злазяць, і ўсё ў іх добра. Проста трэба дапамагчы мозгу аднавіць нэўронныя сувязі або наладзіць балянс гармонаў».
Лявон кажа, што плакаў часам і на «хіміі», і пасьля яе.
«У асноўным я плачу, калі ў мяне эмацыйны перагруз, нэгатыўны або пазытыўны. Сьлёзы скідваюць лішні ціск. Нядаўна плакаў. Пагаварыў з сынам і прасьлязіўся, што сумую. Бывае, плачу ад таго, што мне добра і трэба паплакаць. Гэта рэальна моцна дапамагае. Плакаць — гэта нармальна. Нават прыемна бывае плакаць».
Пра складанасьці былога вязьня. «Атрафуюцца мэханізмы самастойнасьці»
Лявон мяркуе, што пасьля любога зьняволеньня атрафуюцца мэханізмы самастойнасьці.
«Табе ня трэба ні за што адказваць. Хай кепска, але кормяць. Хай цесна, але ты з начлегам. Жыцьцё стаіць на паўзе. Калі выходзіш, разумееш, што адказваеш за сябе сам, табе трэба працаваць. Сацыяльныя сувязі парушыліся. Патрэбны час і рэсурсы, каб усё аднавіць. Калі ты сядзіш, галоўнае праблема — выйсьці. Калі выходзіш, у цябе зьяўляюцца новыя задачы. Гэта клясна — быць на свабодзе, а ты такі: „У-у-у! Што з гэтым рабіць?“»
Арт-мэнэджар удзячны арганізацыям, якія падтрымліваюць палітвязьняў. Але ён бы хацеў, каб дапамога была больш комплекснай, каб такія ініцыятывы працавалі сумесна. Найлепш, лічыць Лявон, каб быў «мэнтар», які падхопіць былога вязьня і дапаможа наноў наладзіць усе сфэры жыцьця.
Пра атмасфэру ў Беларусі: «Застаецца дзіўнае пачуцьцё — Менск ня той»
Перасьлед Лявона пасьля зьняволеньня ня скончыўся. Над ім прызначылі кантроль. Ён павінен быў прыходзіць адзначацца ў РАУС. Потым сталі прыходзіць з праверкамі дадому.
«Паступова заціскалі гайкі. Нават калі табе здаецца, што ты даеш рады, адсюль відаць, наколькі моцна ў людзей у Беларусі дэфармаванае ўспрыманьне сьвету. Ім здаецца, што яны ў парадку. Людзі, вы жывяце ў супэрагрэсіўным асяродзьдзі! Клясна, што вы застаяцеся, але гэта на вас уплывае, прычым нэгатыўна».
Лявон кажа, што сам тады думаў, што абстаноўка ў Менску нармальная.
«Ніхто ня б’е, спачатку асабліва не чапалі, і я думаў, што нармальна: лета, цёпла, дом. Але застаецца дзіўнае пачуцьцё — Менск ня той. Многія выехалі, хтосьці працягвае жыць сваім жыцьцём. Першыя паездкі ў Варшаву былі такія: ты выяжджаеш — табе кайфова. Але трэба вяртацца, і ты ня ведаеш, як сябе паводзіць. Ты і там не жывеш, і тут не жывеш. Я вырашыў: каб нармальна жыць, трэба зьехаць. Калі існаваць там, нікому ад гэтага добра ня будзе».
Пра сям’ю. «Так бывае, людзі разыходзяцца»
Пасьля вызваленьня Лявон расстаўся з жонкай. Сям’я засталася ў Беларусі. З малым сынам Мікаэлем бацька размаўляе празь відэасувязь. Цяпер жонка і сын прыехалі да яго ў госьці. Сямейныя праблемы Лявон называе самым складаным эмацыйным момантам у пэрыяд, калі выйшаў на волю.
«Расставаньне — гэта натуральна. Цяпер я ня бачу ў гэтым трагедыі. Так бывае, людзі разыходзяцца. Так, гэта ня вельмі добрая сытуацыя. Трэба пачакаць, паглядзець, што будзе далей».
Пра статус былога палітвязьня. «Ён быццам абясцэньвае ўсё іншае»
Лявон прызнаецца, што такі статус дае яму пэўныя перавагі, але ён ад яго ўжо стаміўся.
«Гэта мая індульгенцыя перад Беларусьсю або нават Украінай. Калі хтосьці мне асабіста скажа: „Вы, беларусы, нічога не зрабілі“, то я зрабіў. Я пастараўся, але ня выйшла. Самаідэнтыфікацыя, што я былы палітвязень, мяне ўжо, безумоўна, стамляе. Яна быццам абясцэньвае ўсё іншае, што ты робіш».
Амаль усе рэчы, якія Лявон вынес са зьняволеньня, ён выкінуў, «каб яно мне не нагадвала». Засталася скрынка з турэмнымі лістамі, зь імі «сорамна нешта рабіць».
«Там часам і весела было, але на гэтым цяпер ня хочацца канцэнтравацца. Калі часам успамінаеш, думаеш: «Божа, ніколі не хачу больш у гэтым дзярме пабываць. Самае каштоўнае — гэта быць на свабодзе».
Пра вяртаньне ў Беларусь: «Навошта?»
Лявон ня мае адказу на пытаньне, ці вернецца жыць у Беларусь. Жыцьцё цяпер плянуе толькі на некалькі месяцаў наперад. Калі б яму было бясьпечна вярнуцца «заўтра», то, хутчэй, паехаў бы.
«Але тут ужо ёсьць бар, я не магу яго кінуць. Калі яго за дужкі вынесьці, то так, хіба што вярнуўся б. Але гэтыя дужкі вельмі ўмоўныя. Ні ў кога іх няма. Людзі аддаюць дзяцей у садкі, школы, унівэрсытэты, робяць бізнэс, знаходзяць працу, легалізуюцца. А потым ім кажуць: „Усё, пагналі дадому!“ Ты такі: „Навошта?“ Працэнт ахвочых вярнуцца — цікавая лічба. Хацелася б яе пачуць ад кагосьці, хто робіць такія дасьледаваньні».