«Калі прыяжджаюць новыя асуджаныя, то ва ўсіх ёсьць адзнакі, як яны сябе вялі ў СІЗА, на этапе, у цягніку і ў аўтазаку, — расказвае былы палітвязень. — Адразу пасьля прыезду ў калёнію на ўсіх „экстрэмістаў“ складаюць рапарты за драбязу, якой напачатку цяжка прытрымлівацца: гузік не зашпілены, няправільна прадставіўся супрацоўніку, размаўляў у шыхце, не своечасова ўстаў з ложка і шмат што іншае. Палітзьняволеных адразу пазбаўляюць усіх спатканьняў і пасылак. Дасылаюць у СІЗА на тры-пяць сутак і робяць „злоснымі парушальнікамі рэжыму“. На ежу з крамы тады застаецца толькі дзьве базавыя.
У калёніі парушаюцца ўсе правы чалавека. Напрыклад, пазбаўляюць сну, праз што зьяўляюцца галюцынацыі. У мяне ў самога так кружылася галава, я бачыў галюцынацыі сваіх дзяцей і галасы маці. Некаторыя страчвалі прытомнасьць. Зьняволеных трымаюць у холадзе, праз што ў іх праблемы з кровазваротам і ныркамі. У штрафным ізалятары (ШЫЗА) сядзіш у цішыні — нельга размаўляць, ляжаць, спаць, заплюшчваць вочы. Лекары і псыхолягі не прыходзяць».
Як кажа былы зьняволены, супрацоўнікі калёніі практыкуюць розныя формы зьдзекаў над асуджанымі.
«Ставяць на расьцяжку: зорачкай рукі і ногі ў бакі, кайданкамі прыкоўваюць да ложкаў альбо да клеткі і б'юць па тулаве (нырках, печані, селязёнцы) або па сьцёгнах. Кагосьці душылі проста ў ШЫЗА, не баючыся відэакамэр. Казалі, што першых, хто прыехаў, жорстка білі: падвешвалі на нейкі ланцуг у кайданках.
Яны зьдзекуюцца псыхалягічна. Тое, што асабіста для мяне найгоршае. Мораць голадам і холадам. Самае жорсткае — гэта калі пазбаўляюць сну. У мяне былі галюцынацыі ў ШЫЗА і думкі пра самагубства.
Вязьні павінны стрыгчыся налыса і стаяць па дзьве гадзіны на вуліцы на холадзе па стойцы сьмірна без пальчатак. Альбо пад дажджом, а потым у мокрай сырой вопратцы хадзіць і сьмярдзець. Прымушаюць глядзець праўладныя фільмы і ролікі пра сілу міліцыі і міласэрнасьць прэзыдэнта да нас. Казалі, што маглі расстраляць нас, але далі шанец. Вось такі зьдзеклівы рытуал».
21 траўня 2021 году стала вядома, што ў калёніі № 17 у Шклове сканаў 50-гадовы палітзьняволены актывіст зь Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Афіцыйная прычына — сардэчны прыступ. Аднак калі сваякі атрымалі цела на пахаваньне, дык выявілі, што яно зьнявечана: рукі распухлі, а галава была перавязаная так, што толькі рот быў бачны. Палітзьняволены прабыў у калёніі толькі каля месяца.
«Вітольд Ашурак заўсёды стаяў на сваім і ўсім даказваў свой пункт гледжаньня. Ён шмат курыў і ня мог пагадзіцца з тым, што людзі не разумеюць простых рэчаў і ня могуць адказаць на простыя пытаньні. Ён заўсёды сьмела размаўляў са зьняволенымі, з канвоем і супрацоўнікамі. Але яго прэсавалі ў поўным абʼёме: рвалі лісты, рэзалі рэчы, ламалі цыгарэты, абзывалі заходнім клоўнам, кожны дзень яго вадзілі на пакараньне. Перад апошнімі пасадкамі ў ШЫЗА ён казаў, што яго пасадзяць, бо ён жорстка паразмаўляў з начальнікам калёніі і настойваў на сваім. Ён расказваў іншым зьняволеным на курылцы, што звычайныя палітвязьні малайцы, што не прайшлі міма, але яны выканалі сваю ролю ў гэтай вайне і ім трэба вяртацца дадому да дзяцей і семʼяў, а ягоная місія — у большым. Ягоная мэта — нешта дасягнуць і даказаць. Больш яго ня бачылі...
Адразу яму далі 10 сутак ШЫЗА, потым яшчэ 10 сутак. Потым пайшлі размовы, што супрацоўнікі сказалі ягоныя рэчы і матрац пакласьці ў хадок да „апушчаных“ [зьняволеных зь „нізкім сацыяльным статусам“] (месца ў куце асобна ад астатніх), каб ён мыў туалеты і выносіў сьмецьце. Вітольд з гонарам адмовіўся ад выхаду з ШЫЗА, бо так ён заставаўся ў нармальным статусе. А потым было 21 траўня... [у гэты дзень стала вядома пра сьмерць Вітольда Ашурка].
У той дзень прыехала хуткая дапамога, і празь дзьве гадзіны чорная «газэль» са шторамі. Сказалі, што ён упаў галавой на стол. Вязьні казалі, што Вітольда выводзілі ў дворык для шпацыру і білі па нагах і тулаве, каб ён ня мог сядзець і хадзіць у туалет.
На тым відэа, якое ўсім паказвалі, бачна, што ён страчваў прытомнасьць. Гэта магло быць ад бессані і зьнясіленьня. Нягледзячы на канец траўня, у калёніі было холадна, і яны спэцыяльна адчынялі вокны. Быў скразьняк, вельмі дзьмула, немагчыма было сядзець, трэба было пастаянна хадзіць, каб пагрэцца».