Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу, каб ён пабачыў сына» — Яна Смаляга, жонка Лявона Халатрана, пра суд над мужам


Яна Смаляга, жонка Лявона Халатрана
Яна Смаляга, жонка Лявона Халатрана

Лявон Халатран, валянтэр штабу Віктара Бабарыкі, 17 лютага выступіў на працэсе з апошнім словам.

«Я законапаслухмяны грамадзянін, які любіць сваю краіну — Беларусь, і таму мне вельмі прыкра чуць абвінавачаньні на мой адрас, якія тут гучаць ад пракурора», — казаў Лявон Халатран, зьвяртаючыся да судзьдзі Юліі Блізьнюк і прысутных у залі.

Лявон Халатран у судзе
Лявон Халатран у судзе

«Заспакаяльныя лекі не дапамагаюць»

Сярод прысутных была і Яна Смаляга — жонка Лявона Халатрана і маці іх трохгадовага сына Мікаэля. Перад апошнім судовым паседжаньнем, ужо ў судовай залі, Яна расплакалася.

«Пракурор учора прасіў для Лявона „хімію“, але без вызваленьня ў судзе. То бок яго не адпусьцяць з „Валадаркі“ дамоў, а потым некуды адвязуць. Вось гэта не ідзе з галавы», — кажа Яна. — Што мужа апраўдаюць, я не разьлічваю, такія цяпер суды, але калі дадуць «хімію», дык спадзявалася, што хаця б на некалькі дзён адпусьцяць дамоў. Але ў гэтым, відаць, будзе адмоўлена«.

Жанчына спасылаецца на аналіз выракаў палітычных працэсаў гэтага году: «Суды даюць дакладна тое, чаго просяць пракуроры».

Праз тры тыдні сыну будзе 4 гады

У апошнім слове Лявон Халатран згадаў пра сына Мікаэля, у якога 11 сакавіка будзе дзень народзінаў. Падсудны спадзяецца адзначыць сямейнае сьвята з сынам. Яна кажа, што таксама яшчэ на гэта спадзяецца, але як на цуд.

«Вельмі хачу, каб ён пабачыў сына. Той падрос, шмат чаго новага ўмее рабіць, а Лявон гэтага ня бачыць. І сын ужо паўгода ня бачыў тату, чакае яго. Увесь час пытаецца, дзе тата. Пра турму я не расказвала, усё спадзявалася, што выпусьцяць. Чакала, што праз тыдзень, месяц, тры месяцы будзе на волі, а цяпер бачу па іншых працэсах, што марна. Проста трэба годна сустрэць прысуд, пра гэта думаю», — кажа Яна Смаляга.

Яна Смаляга ў судзе
Яна Смаляга ў судзе

Білі, абражалі словам «чарна...ы»

Валянтэра штабу Віктара Бабарыкі, дырэктара бару ў прасторы ОК-16 Лявона Халатрана затрымалі яшчэ 11 жніўня. 15 сутак актывіст прабыў на Акрэсьціна і з таго часу сядзіць у СІЗА № 1 на Валадарскага. Пра ўмовы на «Валадарцы» Яна ведае няшмат — кажа, што адтуль забаронена перасылаць зьвесткі. «Казаў, што там нельга нічога апісваць. Толькі што шмат людзей у камэры і што шмат хто курыць».

У судзе Лявон Халатран пацьвердзіў ранейшыя зьвесткі пра тое, што пасьля затрыманьня яго прывезьлі ў будынак Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), дзе моцна зьбілі.

«Зьвязалі рукі плястыкавым хамутом, паставілі тварам да сьцяны і пачалі зьбіваць, у тым ліку білі па галаве», — расказваў Лявон Халатран у судзе. Аднак на працэсе ён прамаўчаў пра расісцкія выказваньні на свой адрас, якія пачуў пасьля затрыманьня. Яна Смаляга ўдакладніла, калі даведалася пра гэта ад мужа.

«У сьнежні на спатканьні ён расказаў пра гэты эпізод з выказваньнем на ягоны адрас у міліцыі. Што называлі яго „чарна...ым“ і зьбівалі. Я пачала распытваць, плакаць, тады ён супакоіў, маўляў, білі ня так і моцна. Ну добра, але зьневажаць навошта? Гэта ж расізм!» — абураецца Яна.

Бацькі падсуднага Халатрана
Бацькі падсуднага Халатрана

Лявону Халатрану 34 гады, паводле нацыянальнасьці ён армянін. Нарадзіўся Лявон у Тбілісі, большую частку жыцьця правёў у Беларусі. У Віцебску жывуць ягоныя маці і бацька — абое лекары. Паводле Яны Смалягі, якая ведае Лявона больш за 6 год, яна ніколі ня чула ад яго скаргаў на расісцкія абразы.

«Для мяне дзіка, што такое магчыма ў нас у Беларусі — звычайны расізм. Жартачкі, анэкдоты пра армян — гэта чула, але добразычлівыя, з гумарам. А каб вось так нехта назваў яго „чорным“ — ніколі. І за час, як ён жыве тут, здаецца, такога зь ім не было. Хіба што ў малым узросьце, калі дзеці абменьваюцца рознымі мянушкамі. Але чаму гэта гучыць менавіта ад нашых праваахоўнікаў, можна здагадацца, — кажа Яна. — Калі вакол беззаконьне, калі можна беспакарана біць чалавека, дык якая розьніца, пад якія словы? Відаць, у іхнага начальства такая лёгіка».

«Хіба была камэнданцкая гадзіна?»

У апошнім слове Лявон Халатран казаў пра абсурднасьць выстаўленага яму абвінавачаньня.

«Як можна перашкодзіць працы транспарту, калі выйсьці на вуліцу, дзе транспарт спыніў рух ужо паўгадзіны таму? Як можна абвінавачваць у наўмысным выхадзе на вуліцу, калі камэнданцкай гадзіны не было і прагулкі па вуліцы не забароненыя?» — задаваў пытаньні суду Лявон Халатран.

Лявон Халатран
Лявон Халатран

Ягоная жонка Яна Смаляга таксама абураецца напісаным у абвінавачаньні супраць мужа. Днём раней суд выдаліў яе з залі за рэпліку — жанчына пракамэнтавала зьяўленьне сярод рэчавых доказаў тэлефона, які яе мужу не належаў. «Якое абвінавачаньне, такія і доказы», — мяркуе Яна Смаляга.

У апошнім слове з лавы падсудных Лявон Халатран выказаў словы падтрымкі Віктару і Эдуарду Бабарыкам, Марыі Калесьнікавай, Максіму Знаку ды іншым палітвязьням.

Прысуд Лявону Халатрану агучаць 19 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG