Пра гэта паведамляе DW.
Anakonda-23 — самыя маштабныя вайсковыя вучэньні бягучага году ў Польшчы — стартавалі ў аўторак, 2 траўня. Як паведамляе польскі тэлеканал TVN24, у гэтых манэўрах, якія праводзяцца з мэтай адпрацаваць абарону ўсходняга флянгу NATO, бяруць удзел 12 тысячаў польскіх вайскоўцаў, а таксама некалькі сотняў салдатаў зь іншых краінаў-чальцоў NATO і партнэраў Паўночнаатлянтычнага альянсу, у тым ліку: ЗША, Румыніі, Славеніі, Швэцыі, Францыі, Латвіі, Літвы, Эстоніі і Турэччыны. Асаблівую ўвагу плянуецца аддаць апэрацыям саюзьнікаў у раёне Балтыйскага мора.
Праходзіць вучэньні будуць ня толькі на тэрыторыі Польшчы, але і ў Швэцыі і ў краінах Балтыі. Яшчэ на мінулым тыдні камандаваньне Ўзброеных сілаў Польшчы апублікавала ў сацсетках папярэджаньне, што вуліцы ў паўночных, цэнтральных і ўсходніх частках краіны могуць аказацца часова заблякаванымі праз дастаўку танкаў M1 Abrams і іншай вайсковай тэхнікі да месца правядзеньня вучэньняў. Больш канкрэтных дадзеных не паведамлялі зь меркаваньняў бясьпекі.
Адзначаецца, што падрыхтоўка да вучэньняў Anakonda пачалася яшчэ ў 2021 годзе, аднак поўнамаштабная расейская агрэсія супраць Украіны паставіла партнэраў па NATO перад новымі выклікамі і прымусіла іх зьмяніць канцэпцыю манэўраў. Манэўры Anakonda-23 завершацца 26 траўня.