Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Літвы ў ЭЗ: Мы ўжо тры месяцы выступаем супраць частковай адмены санкцыяў у дачыненьні да Менску


Краіны Балтыі і Польшча працягваюць выступаць супраць паслабленьняў, якіх дамагаюцца некаторыя чальцы ЭЗ, заявіў 2 траўня амбасадар Літвы ў Эўразьавязе Арнольдас Пранцкявічус у інтэрвію тэлерадыёкампаніі LRT.

«Мы ўжо тры месяцы вельмі актыўна выступаем супраць прапанаванай частковай адмены санкцыяў у дачыненьні да паставак угнаеньняў зь Беларусі, таму што лічым, што гэта аслабляе санкцыйны пакет і не вырашае праблему, а толькі дае беларускаму рэжыму магчымасьць фінансаваць сваю дзейнасьць», — паведаміў Пранцкявічус.

Паводле дыплямата, група краінаў ЭЗ, у першую чаргу Партугалія, прытрымліваюцца пазыцыі, што экспарт беларускіх угнаеньняў неабходны «для барацьбы з недахопам харчаваньня ў краінах трэцяга сьвету», аднак краіны Балтыі і Польшча ня згодныя з гэтай пазыцыяй.

«Мы прапануем вырашаць праблемы праз гандлёвую палітыку, спрабуючы знайсьці альтэрнатыўныя крыніцы, інвэстуючы ў вытворчы патэнцыял як у самой Афрыцы, так і ў іншых краінах, кардынальна пераглядаючы ланцужкі паставак», — удакладніў прадстаўнік Літвы ў ЭЗ.

На думку экс-прэм’ера Бэльгіі, дэпутата Эўрапарлямэнта Гі Верхафстадта, «санкцыі трэба не аслабляць, а ўзмацняць».

«Украіна павінная выйграць гэтую вайну. Неабходна ўзмацніць санкцыі супраць Беларусі і Расеі. Трэба пашырыць сьпісы асобаў, якія трапляюць пад санкцыі», — цытуе яго LRT.

Акрамя таго, на думку былога кіраўніка ўраду Бэльгіі Беларусь і Расея карыстаюцца «ня толькі выключэньнямі з санкцыяў, але і вельмі маруднымі рашэньнямі ЭЗ».

«Санкцыі маюць эфэкт толькі ў тым выпадку, калі яны ўводзяцца раптоўна і ў вялікіх маштабах, а не невялікімі пакетамі, якія даюць Пуціну час і прастору для адаптацыі», — лічыць Верхафстадт.

  • Санкцыі супраць беларускай калійнай галіны былі ўведзеныя ў чэрвені 2021 году ў пакеце сэктаральных абмежаваньняў.
  • 10 студзеня старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен анансавала новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі за падтрымку вайны РФ супраць Украіны.
  • 25 лютага ЭЗ увёў 10-ы пакет санкцыяў у дачыненьні да Расеі, Беларусь у ім не згадвалася.
  • 5 сакавіка Польшча прапанавала неадкладна ўвесьці санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з прысудам ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года, заснавальніку праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму і «іншым апазыцыянэрам». Адпаведная прапанова была перададзеная амбасадарам эўрапейскіх краінаў пры ЭЗ і накіраваная ў Эўракамісію і ў Эўрапейскую Раду.
  • 26 сакавіка Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ ў міжнароднай палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што Эўрапейскі Зьвяз «гатовы адказаць далейшымі санкцыямі» на разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG