У Літве плянуюць абмежаваць уезд праз два пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю ад таго, што там няма рэнтгенаўскіх апаратаў для пошуку кантрабанды. Памежныя пераходы будуць працаваць толькі для легкавых машын у дзённы час.
Пра гэта паведаміў кіраўнік Мытнага дэпартамэнту Літвы Дарус Жвіронас, піша Delfi.
Размова ідзе аб пунктах пропуску Цьверач (Цьвярачус) і Шумск (Шумскас) на мяжы зь Беларусьсю (сумежныя пункты — Відзы і Лоша). Паколькі яны не абсталяваныя рэнтгенаўскімі апаратамі, там бесьперашкодна праходзіць кантрабанда цыгарэт, схаваная ў пустых грузавіках, патлумачыў Жвіронас.
Пасля рэканструкцыі пераходу у Медніках абодва «праблемныя пункты» будуць прапускаць толькі легкавыя аўтамабілі і працаваць у дзённы час.
— Гэта дапаможа перадухіліць як карупцыю, так і кантрабанду, — заявіў кіраўнік Мытнага дэпартамэнту.
Іншыя буйныя пераходы працуюць кругласутачна. Па дадзеных Літвы, маштаб кантрабанды з Беларусі не спыняецца. Так, летась была затрымана рэкордная колькасьць незаконна ўвезенага тытуню — звыш 4,3 мільёна пачкаў на суму больш за 16,1 мільёна эўра.