Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: сваякі Мацкевіча ня маюць ад яго вестак больш за 2 тыдні, жонка Фядуты ня ведае, ці выпісалі мужа зь лякарні


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Агулам на сёньня праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязьнямі 1435 чалавек. Аднак дакладная колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі з палітычных матываў, невядомая.

Блізкія філёзафа Ўладзімера Мацкевіча не атрымліваюць ад яго вестак больш за два тыдні

«На сёньняшні дзень мы нічога ня ведаем ні пра ягонае месцазнаходжаньне, ні пра стан здароўя. У выніку арганізазванай інфармацыйнай блякады сваякі ня могуць адправіць неабходныя лекі», — гаворыцца ў паведамленьні суполкі ў Фэйсбуку, прысьвечанай Мацкевічу.

Таксама там адзначаюць, што перапіска з палітзьняволеным блякуецца, адваката да яго не дапускаюць, спыніліся таксама дазволеныя рэглямэнтам калёніі званкі сваякам, а адміністрацыя ПК-17 «даведак не дае».

  • Уладзімер Мацкевіч — грамадзка-палітычны дзеяч, тэлевядоўца, заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы старшыня Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», заснавальнік «Лятучага ўнівэрсытэту» і сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады.
  • Яго затрымалі 4 жніўня 2021 году.
  • У лютым 2022 году, праз паўгода зьняволеньня, ён трымаў галадоўку 13 дзён з патрабаваньнем перадаць ягоную справу ў суд і прызначыць дату судовага разбору. Гэта выклікала шырокі рэзананс, у падтрымку Мацкевіча выказаліся сотні навукоўцаў, літаратараў, філёзафаў з усяго сьвету.
  • 23 чэрвеня 2022 году Ўладзімера Мацкевіча асудзілі на 5 гадоў калёніі, прызнаўшы яго вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта). Працэс адбываўся з 9 чэрвеня ў закрытым рэжыме.
  • Цяпер філёзаф знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 17 у Шклове. У кастрычніку яго імя дадалі ў сьпіс «экстрэмістаў» МУС.

Жонка Фядуты ня можа даведацца, ці выпісалі яго з турэмнай бальніцы

«Апошні ліст ад мужа быў 26 сьнежня мінулага года, — распавяла „Народнай Волі“ жонка Фядуты Марына Шыбко . — Тады ён паведаміў пра свае праблемы са здароўем і пра тое, што з турэмнай бальніцы выйдзе напачатку гэтага года. Таму, мяркую, Аляксандар ужо ў атрадзе.

У лістах муж таксама распавёў, што ў год дазволена перадаваць дзьве кніжныя бандэролі, у кожнай зь якіх не больш за пяць кніг. Гэта яго вельмі засмуціла, бо дзесяць кніг у год — вельмі мала. Ён напісаў, над чым яшчэ зьбіраецца працаваць, таму трэба будзе замаўляць пэўныя кнігі».

Па словах Марыны Шыбко, яе не зьдзівіла, што муж трапіў у турэмную бальніцу.

«У яго, як вядома, яшчэ ў СІЗА былі досыць вялікія праблемы са здароўем, нават кропельніцы ставілі, — адзначыла жанчына. — А зараз, відаць, хваробы абвастрыліся. У апошнім лісьце Саша напісаў, што дашле мне сьпіс лекаў, якія яму парэкамэндуюць дактары, але, як ужо казала, у гэтым годзе ніякіх паведамленьняў ад яго пакуль не атрымлівала. Чакаю...»

  • Палітоляга Аляксандра Фядуту асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня па «справе аб змове». Яго разам зь Юрасём Зяньковічам і Рыгорам Кастусёвым зьвінавацілі ў спробе зрынуць Аляксандра Лукашэнку.
  • Праваабаронцы палічылі справу справакаванай і сфальсыфікаванай і прызналі асуджаных па ёй палітзьняволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG