Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: філёзафа Мацкевіча пераводзяць на турэмны рэжым


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Раней філёзафа і мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча, які знаходзіцца ў шклоўскай калёніі № 17, на тры месяцы зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).

13 лютага ў судзе Шклоўскага раёну адбыўся суд аб замене Ўладзімеру Мацкевічу рэжыму ўтрыманьня.

Згодна з рашэньнем суду палітвязьня перавялі ў магілёўскую турму № 4. Пра гэта BPN паведаміў сваяк палітзьняволенага.

Турэмны рэжым прадугледжвае, што зьняволеныя ўвесь час знаходзяцца ў камэрах, у кожнай ад 3 да 12 чалавек. Адразу па прыбыцьці ў турму вязьня зьмяшчаюць на строгі турэмны рэжым, на агульны яго могуць перавесьці толькі праз 6 месяцаў па рашэньні начальніка ўстановы.

На агульным турэмным рэжыме зьняволены мае права на куплю тавараў максымум на 2 базавыя велічыні (74 рублі) у месяц, два кароткатэрміновыя спатканьні на год, адну пасылку або перадачу і дзьве бандэролі ці дзьве дробныя пасылкі ў год, штодзённыя прагулкі ў двары працягласьцю да паўтары гадзіны. (Пры строгім турэмным рэжыме — тавары на 37 рублёў у месяц, адно кароткатэрміновае спатканьне за год, адна бандэроль або адзін дробны пакет на год, штодзённыя шпацыры да гадзіны).

4 лютага стала вядома, што адміністрацыя калёніі № 17 на пачатку студзеня зьмясьціла Мацкевіча на 3 месяцы ў памяшканьне камэрнага тыпу. Зь сярэдзіны студзеня блізкія не атрымлівалі ад яго ніякіх вестак.

23 чэрвеня 2022 году Менскі абласны суд прысудзіў Мацкевічу 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Філёзафу паставілі ў віну «грубае парушэньне грамадзкага парадку» падчас пратэставай акцыі ў Менску 25 кастрычніка 2020 году.

Таксама Мацкевіча абвінавацілі ў тым, што з жніўня 2020-га ён на працягу году «стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фармаваньнем», у рамках якога «вырабляў і разьмяшчаў у Telegram-каналах, старонцы ў Facebook і плятформе „Сход“ матэрыялы, якія ўтрымлівалі заведама фальшывыя зьвесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным, міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, а таксама нэгатыўную ацэнку прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў».

Акрамя таго, паводле вэрсіі абвінавачаньня, Мацкевіч абразіў Лукашэнку ў апублікаваным 7 траўня 2021 году відэароліку.

  • Уладзімер Мацкевіч — грамадзка-палітычны дзеяч, тэлевядоўца, заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы старшыня Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», заснавальнік «Лятучага ўнівэрсытэту» і сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG